Меч рыцарскі, ХХ тыпу (па Акшоту). Доўгі палутараручны меч. Частка ляза страчаная. Тэніка вырабу - коўка
У 2013 годзе быў знойдзены на дне р. Віхра ў г. Мсціславе “чорнымі капальнікамі”. На месцы знаходкі таксама былі знойдзены рэшткі ахоўнага рыцарскага даспеха – кіраса, шлем з падбароднікамі і напатылічнікам, фрагменты кальчугі, шпоры і акамянелая рукавіца. Таксама там жа былі знойдзены парэшткі самаго рыцара.
Інфармацыя пра знаходку мяча на дне р. Віхра была распаўсюджана самімі “чорнымі капальнікамі” ў асяродках беларускіх калекцыянераў з мэтай продажу. Імі ж быў зроблены фотаздымак мяча.
Пазней па характэрных асаблівасцях каштоўнасці (форма наверша, форма гарды, тып клінка, страты і пашкоджанні) меч быў ідэнтыфікаваны як прададзены на онлайн-аўкцыёне Violity ў 2018 г.
З 2014 г. музеем вялася пошукавая дзейнасць па раскрыцці месцазнаходжання каштоўнасці са спробай прыцягнення супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. У 2019 г. меч быў выкуплены музеем на аўкцыёне TimeLineAuctions у Лондане.
Інфармацыя прадастаўлена музеем гісторыі Магілёва (2020 г.)