У Віцебскім абласным краязнаўчым музеі 15 сакавіка 2022 г. адкрылася выстава "РУПЛІВЕЦ БЕЛАРУСКАЙ ДАЎНІНЫ", прысвечаная 170-годдзю Аляксея Сапунова, аднаго з найлепшых археографаў і краязнаўцаў Беларусі канца ХІХ і пачатку ХХ стагоддзя. Выставачны праект ажыццявілі Нацыянальная бібліятэка Беларусі і Віцебскі абласны краязнаўчы музей. У праекце аб'яднаны часткі дзвюх калекцый: матэрыялы з асабістага архіва А.П. Сапунова з фондаў музея і кніжнага збору А.П. Сапунова з фондаў бібліятэкі.

img

Падобная выстава "РУПЛІВЕЦ БЕЛАРУСКАЙ ДАЎНІНЫ" экспанавалася амаль год таму ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

У Віцебску ўпершыню прадстаўлены каштоўныя матэрыялы з калекцый, якія сёння зберагаюцца як на тэрыторыі самога горада, так і былі прывезены з Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (г. Мінск). Аляксей Сапуноў – ураджэнец Віцебшчыны, адзін з самых захопленых і крапатлівых даследчыкаў роднага краю. Ім напісана каля 50 кніг і брашур, а таксама дзясяткі навуковых артыкулаў і нарысаў па гісторыі, этнаграфіі, археаграфіі Віцебскага Падзвіння. Навуковец упершыню выявіў, сабраў, пераклаў і выдаў вялікі пласт першакрыніц па гісторыі краю. Найбольш вядомымі выданнямі з'яўляюцца кнігі «Витебская старина» і «Река Западная Двина»

img Выданне "Витебская старина". З фондаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я.Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

Імя Аляксея Парфёнавіча Сапунова цесна звязана з гісторыяй збірання беларускіх скарбаў. У зборах віцебскага даследчыка значыўся адзін з самых каштоўных і таямнічых кніжных помнікаў – Статут ВКЛ 1588 г. У 1920-х гг. ён трапіў у зборы Беларускай дзяржаўнай і ўніверсітэцкай бібліятэкі (сёння НББ). На той час Аляксей Сапуноў быў ужо даволі сталым чалавекам і меў фінансавыя цяжкасці. Ён прапанаваў дырэктару бібліятэкі Іосіфу Сіманоўскаму набыць Статут і іншыя каштоўныя кнігі са свайго кнігазбору, што пасля пэўных выпрабаванняў і адбылося. У часе Другой сусветнай вайны Статут знік. Праз пэўны час ён з'явіўся на амерыканскім кантыненце, а пасля – у Беларускай бібліятэцы і музеі імя Францішка Скарыны ў Лондане.

Звесткі пра асобу А. П. Сапунова і яго дзейнасць можна атрымаць у навінных матэрылах інтэрнэт-партала “Вяртанне”

Інфармацыя паводле старонак ДУ "Віцебскі абласны краязнаўчы музей", А. Сушы у сетцы Facebook