Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі праводзіць мэтанакіраванае выяўленне дакументаў па гісторыі Беларусі ў замежных архівах. На падставе дамоў з архіўнымі ўстановамі замежжа ажыццяўляецца выраб і абмен лічбавымі копіямі дакументаў. Так, 22–23 сакавіка 2018 г. на падставе дамовы аб вырабе і абмене лічбавымі копіямі дакументаў, заключанай паміж НГА Беларусі і Галоўным архівам старажытных актаў у Варшаве (AGAD), беларускім бокам былі атрыманы копіі дакументаў фонда «Архіў Дорыа-Дзерналовічаў», «Архіў Фашчаў», «Архіў Пшаздзецкіх», «Архіў Прозараў і Ельскіх» (у поўным аб’ёме), фонд «Архіў Тызенгаўзаў» .

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь таксама зацікаўлены ў атрыманні высакаякасных лічбавых копій шэрагу матэрыялаў Галоўнага архіва старажытных актаў у Варшаве (AGAD), сярод якіх: Прывілей вялікага князя Літоўскага Жыгімонта Кейстутавіча на правы і вольнасці ВКЛ 1434 г.; Прывілей вялікага князя Літоўскага Аляксандра Казіміравіча, які пацвярджае прывілеі ВКЛ 1492 г.; Прывілей вялікага князя Літоўскага Жыгімонта I, які пацвярджае правы і вольнасці 1529 г.; Крэўская унія 1385 г .

На працягу перыяда 2017-2018 гг. з мэтай правядзення «мяккай рэстытуцыі» культурных каштоўнасцей, якія знаходзяцца за межамі Беларусі, Нацыянальны гістарычны музей вёў перамовы з Расійскім дзяржаўным архівам старажытных актаў у Маскве, Беларускай бібліятэкай і музеем ім. Ф. Скарыны ў Лондане, Музеем Войска Польскага ў Варшаве.

Па матэрыялах Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь