З 1922 г. і па сённяшні час у Беларусі 5 мая адзначаецца як Дзень друку! З гісторыяй кнігадрукавання звязана развіццё і захаванне нашай культуры. Сёння ў Беларусі засталася невялікая частка кніжных помнікаў, створанных у розныя гістарычныя перыяды. Шмат увагі надаецца папаўненню кніжнай спадчыны каштоўнымі арыгінальнымі асобнікамі, якія знаходзіліся за межамі Беларусі, друку іх факсімільных ўзнаўленняў, выходзяць у свет навуковыя выданні, прысвечаныя даследедванню каштоўных выданняў. Віншуем усіх спецыялістаў розных сфер дзейнасці, звязаных са стварэннем і захаваннем беларускай кнігі!

img

5 мая – дзень народзінаў вельмі значнай асобы ў беларускай культуры – кампазітара, заснавальніка нацыянальнай оперы Станіслава Манюшкі (1819-1872), а 4-га чэрвеня споўніцца 150 год з дня яго смерці.

img

Спадчына выбітнага музычнага дзеяча на тэрыторыі Беларусі час ад часу папаўняецца новымі складнікамі. Так, у 2021 г. музей гісторыі тэатральный і музычнай культуры (філіял Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь) атрымаў у дар ад Генеральнага консула Рэспублікі Беларусь у Мюнхене (Федэратыўная Рэспубліка Германія) А.Р. Кулажанкі альбом нот канца XIX ст. з творамі кампазітара Станіслава Манюшкі.

img

З інфармацыйнымі матэрыяламі па спадчыне вядомага музыкі можна азнаёміцца на сайце Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў віртуальным праекце ”“Станіслаў Манюшка. Музычны рамантык з Міншчыны”, па гісторыі роду Манюшкаў – на старонках газеты “Культура” за аўтарствам Зміцера Юркевіча.

У 2022 годзе адзначаецца 120-годдзе нараджэння мастачкі Ядвігі Раздзялоўскай (1902-1992). “Пані Ядвіга” з’яўлялася важнай часткай маладзечанскай мастацкай прасторы – яе стваральніцай, выхавальніцай і непасрэдна самой мастачкай. Спадчына неардынарнай творцы захоўваецца ў розных музеях свету. Мінскі абласны музей у сваіх фондах мае звыш 10 яе работ, у перспектыве супрацоўнікі музея плануюць атрымаць копіі твораў таленавітай мастачкі з музея Замойскага ў Замосці, якія творца перадала ў 1985 г. пасля выставы ў Варшаве.

У маі можна наведаць выставу “Штодзённасці чароўнае імгненне” ў Нацыянальным мастацкім музеі, дзе экспануюцца каля 50 твораў мастачкі са збораў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Беларускага саюза мастакоў, Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, а таксама прыватных калекцый.

img

img

22 мая – вельмі сімвалічная дата, калі будзе праходзіць культурніцкая акцыя “Ноч музеяў” да Міжнароднага дня музеяў і спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння Алены Васільеўны Аладавай (1907–1986) – вядомай дырэктаркі Дзяржаўнага мастацкага музея БССР, зараз Нацыянальнага мастацкага музея. У 1944 г. пасля вызвалення Беларусі Алена Васільеўна прыняла ўдзел у працы Камісіі па стратах, нанесеных нямецка-фашысцкімі захопнікамі музеям БССР, у той жа час ўзначаліла амаль поўнасцю разрабаваную Дзяржаўную мастацкую галерэю, у фондах якой напачатку 1941 г. налічвалася больш за 2500 твораў. Дзякуючы нястомным пошукам Алены Васільеўны, будучы галоўны мастацкі музей краіны, спадкаемца галерэі, фактычна аднавіў сваю калекцыю.

img

Сёння Нацыянальны мастацкі музей мае адзін з самых буйных збораў беларускага і замежнага мастацтва ў краіне. А работа па вяртанню рарытэтаў і ўвядзенню іх у навуковы і культурны ўжытак, якую калісьці распачала Алена Васільеўна Аладава, працягваецца і сёння: вяртаюцца каштоўныя асобнікі, праводзяцца даследванні, вынікамі якіх дзеляцца на традыцыйных Аладаўскіх чытаннях, выдаюцца кнігі, артыкулы, захоўваецца спадчына мастацтвазнаўцы А.В. Аладавай.

img

Матэрыялы і фота з інфармацыйных рэсурсаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Нацыянальнага музея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, газеты "Культура, "Звязда"