10 красавіка адзначыў свой дзень нараджэння Барыс Аляксеевіч Крэпак, вядомы беларускі мастацтвазнаўца, крытык, пісьменнік, публіцыст, Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі. Дзень народзінаў – добрая нагода ўзгадаць пра "сапраўднага" беларуса, дзейнасць якога мае непасрэднае дачыненне да вяртання культурнай спадчыны ў краіну.

Некалі ад свайго выкладчыка па Ленінградскім дзяржаўным універсітэце Льва Мікалаевіча Гумілёва, сына выбітных паэтаў Мікалая Гумілёва і Ганны Ахматавай, Барыс Аляксеевіч пачуў прыкладна такую фразу: "Беларусы, вы такі дзіўны народ: столькі духоўных каштоўнасцей вы раздарылі чужым краінам, ці не пара іх вам вяртаць на сваю зямлю". Выраз, які асеў у памяці мастацтвазнаўцы, падштурхнуў да рэальных дзеянняў, якія на мове афіцыйных дакументаў можна вызначыць як “выяўленне, увядзенне ў навуковы i культурны ўжытак культурных каштоўнасцей, якiя знаходзяцца за межамi Рэспублiкi Беларусь”.

Напрыканцы 1980-х гг. распачаліся культуралагічныя даследаванні Барыса Аляксеевіча, заснаваныя на дакументальных фактах творчасці і жыцця мастакоў, біяграфіі якіх пачыналіся або былі датычныя Беларусі. З цягам часу мастацтвазнаўца стаў публікаваць знойдзеныя звесткі пра “невядомых” і “забытых” творцаў розных гістарычных перыядаў: Іосіфа Аляшкевіча, Мікалая Атрыганьева, Казіміра Ельскага, Кандрата Карсаліна, Міхаіла Кулеша, Зыгмунта Мінейка, Януара Сухадольскага, Адама Шэмеша і інш.

На сённяшні дзень Барыс Аляксеевіч з’яўляецца аўтарам больш за 50 кніг, сярод якіх – двухтомнік “Вяртанне імёнаў”, а таксама альбомаў, манаграфій, каталогаў, тысяч артыкулаў, рэцэнзій, творчых партрэтаў, нарысаў па праблемах беларускага і сусветнага мастацтва, вядучым рубрык “Забытыя імёны” , “Мастыхін” у газеце "Культура"

img

Дзякуючы дзейнасці Барыса Аляксеевіча, у беларускі культурны кантэкст вярнуліся мастакі – ураджэнцы Беларусі, якія “зрабілі немалы ўнёсак у культурны феномен ХХ стагоддзя — так званую Парыжскую школу. А гэта, дарэчы, пацвярджэнне факта, што нашы зямлякі сур’ёзна спрычыніліся да глабальных працэсаў у сусветнай культуры. Яно працуе на прэстыж дзяржавы і нацыі не горш за паспяховыя эканамічныя праекты. Барыс Аляксеевіч як крытык першым адкрыў грамадзе многіх на той момант маладых творцаў, якія зараз лічацца мэтрамі, а іх творчасць — залатым фондам беларускай культуры.” (Пётра Васілеўскі, газета “Культура” № 14 (1297) 08.04.2017 - 14.04.2017 г. )

У грамадскай культурнай прасторы сталі вядомымі імены многіх мастакоў, іх лёсы і творчасць. І на дадзены момант, нягледзячы на тое, што спадчына многіх з іх адсутнічае поўнасцю або знаходзіцца ў лічаных адзінках на тэрыторыі краіны, на Беларусі ўжо з’яўляюцца творы адкрытых для беларусаў творцаў – Хаіма Суціна, Восіпа Цадкіна і інш.

Гэты ланцуг “вернутых здабыткаў” можа працягнуцца надалей, бо вяртанне ўжо пачалося — з выяўлення і ўсведамлення сэнсаў і каштоўнасці вынайдзенага.

img

“Час пачынаць усё расстаўляць па сваіх месцах ...зараз мы вяртаемся да спадчыны тых ураджэнцаў нашай шматнацыянальнай зямлі, да чыіх твораў у розных краінах свету захоўваецца заўсёдны піетэт і нястомная цікавасць. Трэба ўсвядоміць рэальную іх колькасць, гэта значыць — адкрыць для сябе з’яву вялікай цэласнай духоўнай “школы Беларусі”, якая насуперак геаграфічнай разгалінаванасці, стракатасці, індывідуальнасці густаў і почыркаў узбагаціла свет яркімі зоркамі”. (Б.А. Крэпак, газета “Культура” № 3 (1129) 18.01.2014 - 24.01.2014)

Паводле матэрыялаў газеты "Культура", "Звязда", інф. рэсурса wikipedia

Фота з сайта газеты "Культура", і старонкі Б.А. Крэпака ў Facebook