15 лістапада на 73-м годзе жыцця адышоў у іншы свет вядомы беларускі дзеяч Уладзімір Рыгоравіч Шчасны.

Вядомы беларускі дыпламат, культурны дзеяч – ён шмат зрабіў не толькі для большага пазнавання Беларусі за межамі краіны, але і для пазнавання беларускай культуры ў самой Беларусі.

img

На працягу многіх гадоў спадар Шчасны ўзначальваў Нацыянальную камісію Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА. За гэты перыяд краіна значна ўзмацніла свой аўтарытэт у арганізацыі. Пры яго непасрэдным удзеле было шмат зроблена і на тэрыторыі Беларусі: адноўлена сядзіба Міхаіла Клеафаса Агінскана ў Залессі, створаны музей “Прастора Хаіма Суціна” ў Смілавічах, ён прымаў актыўны ўдзел у працы па выяўленню і вяртанню культурных каштоўнасцей, якія знаходзяцца за межамі краіны, у арганізацыі шматлікіх выстаў і інш. Напрыклад, апошнім часам Уладзімір Рыгоравіч прысвяціў шмат намаганняў вывучэнню Парыжскай школы жывапісу і садзейнічаў пашырэнню інтарэсу да беларускіх мастакоў Парыжскай школы: ён – аўтар выданняў «Мастакі Парыжскай школы з Беларусі: эсэ, біяграфіі, даведнік» (2012), каталогу выставы «Мастакі Парыжскай школы з Беларусі» (2012―.2013гг.), дарадчык Белгазпрамбанка ў набыцці карцін вядомых беларускіх мастакоў.

Вядома яго дзейнасць у галіне мастацкага слова: аўтар артыкулаў пра пытаннях культуры, гісторыі выяўленчага мастацтва, аўтар драматычных твораў, якія пастаўлены Нацыянальным акадэмічным тэатрам імя Я.Коласа. У перакладзе У. Шчаснага выйшла кніга прозы К. Макалерс «Балада пра сумнае кафэ» (1988). Складальнік і перакладчык зборніка «Амерыканскае дэтэктыўнае апавяданне» (1993). Пераклаў паасобныя творы Э. По, Э. С. Гарднера і інш. Цікаўнасць да беларускага мастацкага слова ва ўраджэнца г. Смаргоні з багатай культурнай гісторыяй нарадзілася яшчэ ў маладыя гады. Авалодаўшы ў час вучобы мовай урду, Уладзімір Рыгоравіч перакладаў прозу пісьменнікаў Пакістана. Публікацыю некаторых перакладаў на беларускую мову здзейсніў літаратурна-мастацкі альманах «Далягляды».

Такіх асоб, як Уладзімір Шчасны з іх светлай зацікаўленасцю беларускай нацыянальнай культурай, іх неўтаймаванай энергіяй, скіраванай на дасягненне высокіх мэтаў, з іх разуменнем, што і Беларусь — краіна з багатым генетычным культурным кодам, вельмі не хапае нам, беларусам.

Сыход Уладзіміра Рыгоравіча Шчаснага – вялікая страта для тых, хто, яго ведаў асабіста, тых, хто, дзякуючы яго дзейнасці, адкрываў для сябе беларускую культуру як сапраўдную каштоўнасць.

Выказваем глыбокае спачуванне родным і блізкім Уладзіміра Рыгоравіча Шчаснага.

Выкарыстаны матэрыялы старонак у сац. сетках Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, Пасольства Беларусі Ў Францыі, а таксама рэсурса Вікіпедыя