3 студзеня 2022 г. не стала Адама Восіпавіча Мальдзіса…

img

Адам Мальдзіс — беларускі гісторык, літаратуразнавец, пісьменнік і журналіст. Знакавая фігура беларускай культуры, яго называлі «патрыярхам беларускіх гуманітарных навук», «выдатным знаўцам літаратуры». Яго дзейнасць стварала пэўную культурную прастору, якая насычалася культурнымі сэнсамі і зместам значнасці Беларусі.

Алесь Суша, вядомы знаўца кніжнай спадчыны, ў сваім паведамленні пра Адама Восіпавіча напісаў: “…З ім разам сышла эпоха… І гэта не перабольшанне. Ён быў адным з апошніх сапраўдных тытанаў у айчыннай гуманітарыстыцы. Чалавек-акадэмія, чалавек-інстытут, “камень”, тытан сучаснага беларускага Адраджэння…Стваральнік і кіраўнік Скарынаўскага цэнтра, камісіі “Вяртанне”, Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў… Ён быў цэнтрыстам, сваім для правых і левых, усходнікаў і заходнікаў, беларусаў і літоўцаў (нарадзіўся на этнічным памежжы), ён пісаў і для СБ, і для СМІ супрацьлеглай арыентацыі… – імкнуўся да міру і адзінства паміж беларусамі.

img

img

Быў ён чалавекам па-за часам, бо ён і знаўца 18-19 стагоддзяў, і сябра Караткевіча, і зычлівы калега ...

img

А якую ён пакінуў навуковую спадчыну! Вось толькі некалькі яго кніг:

«Творчае пабрацімства: Беларуска-польскія літаратурныя ўзаемасувязі ў XIX ст.» (1966),

«Падарожжа ў XIX ст.: З гісторыі беларускай літаратуры, мастацтва і культуры» (1969),

«Традыцыі польскага Асветніцтва ў беларускай літаратуры XIX ст.» (1972),

«Таямніцы старажытных сховішчаў» (1974),

«На скрыжаванні славянскіх традыцый: Літаратура Беларусі пераходнага перыяду: другая палавіна XVII — XVIII ст.» (1980),

«Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII стагоддзя: Нарысы быту і звычаяў» (1982),

«Восень пасярод вясны: Аповесць, сатканая з гістарычных матэрыялаў і мясцовых паданняў» (1984),

«З літаратуразнаўчых вандраванняў: Нарысы, эсэ, дзённікі» (1987),

«Францыск Скарына як прыхільнік збліжэння і ўзаемаразумення людзей і народаў» (1988),

«Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча: Партрэт пісьменніка і чалавека» (1990),

«І ажываюць спадчыны старонкі» (1994),

«Як жылі продкі ў XVIII стагоддзі» (2001),

«Выбранае» (2007),

«Белорусские сокровища за рубежом» (2009), «Соотечественники» (2013)…

img

Ён фарміраваў светапогляд беларусаў. Шмат у чым менавіта ён ствараў Беларусь, якою яна ёсць.

img

Апошнія гады ён ўсё марыў дапісаць як найменей яшчэ чатыры свае кнігі, працу над якімі ён пачаў больш пяці год таму.

Многае не паспеў. Гэта цяпер наша праца..."

Памяці Адама Восіпавіча Мальдзіса прысвечаны артыкулы Э. Дзвінскай "Адам Мальдзіс – верны паслядоўнік навукова-асветніцкіх традыцый Францыска Скарыны – застанецца ва ўдзячнай памяці нашчадкаў", Л. Рублеўскай "Рыцар беларускай культуры. Сышоў з жыцця Адам Мальдзіс", А. Рудака "Нястомны шукальнік нацыянальнай спадчыны"

Фота са старонак ў сетцы Facebook