У свет выйшла выданне “Беларускі буквар” пад аўтарствам вядомага даследчыка кніжнай культуры Беларусі Алеся Сушы. Кніга з серыі «Энцыклапедыя рарытэтаў» прысвечана гісторыі Буквара на беларускіх землях.

Навуковае даследванне задумвалася да 400-годдзя першай кнігі пад назвай "Буквар", але істотна пашырылася ў параўнанні з першапачатковай задумай. У манаграфіі 336 старонак вялікага фармату, 8 раздзелаў, 125 параграфаў, 730 ілюстрацый, 1025 спасылак на апублікаваныя і архіўныя крыніцы. Разглядаецца гісторыя айчынных падручнікаў для пачатковага навучання ад старажытнасці да нашых дзён. Вялікая доля такіх помнікаў зусім невядомая нават даследчыкам, а іх ілюстрацыі публікуюцца ўпершыню.

img

Каб сабраць звесткі пра беларускія буквары, давялося аб'ехаць шмат краін, працаваць у дзясятках бібліятэк, музеяў, архіваў, шукаць у прыватных зборах і калекцыях, бо даўнія (ды і адносна сучасныя) беларускія падручнікі выключна слаба захаваліся ў самой Беларусі (ды што там, амаль не захаваліся). Па факце былі выкарыстаны ілюстрацыі з 78 дзяржаўных і прыватных калекцый у Беларусі, Аўстрыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Даніі, Ірландыі, Італіі, ЗША, Латвіі, Літве, Польшчы, Расіі, Славеніі, Украіне, Францыі, Чэхіі і Швецыі, – тлумачыць Алесь Суша.

Буквароў захавалася невялікая колькасць, бо гэты від кніг ва ўсе часы быў асабліва запатрабаваны і зачытваўся да дзірак. На думку аўтара манаграфіі, гэта не толькі першая кніга для навучання грамаце, але і крыніца найвышэйшых агульначалавечых і нацыянальных каштоўнасцей. Па гэтых выданнях можна вывучаць гісторыю культуры Беларусі.

Даследчык вызначае: "Многія з даўніх беларускіх буквароў былі выяўлены адносна нядаўна. Гэта дазваляе нам спадзявацца, што новыя знаходкі яшчэ могуць быць зроблены ў будучыні. Сёння мы можам упэўнена сцвярджаць, што буквар стаў вельмі важнай з'явай у гісторыі айчыннай культуры, паўплываў на развіццё нашага народа, станаўленне яго як нацыі. У той жа час буквар можа быць упэўнена названы і адным з культурных брэндаў Беларусі, сведчаннем выключнай ролі асветы ў жыцці нашых продкаў і сучаснікаў, яскравым дасягненнем творчага генію беларускага народа."

Выданне можна набыць у "Акадэмкнізе", выдавецтве "Беларусь". У хуткім часе адбудуцца прэзентацыі манаграфіі.

Нагадаем, што ў 2018 годзе ў Беларусі святкавалася 400-годдзе з часу выдання першага ў Еўропе "Буквара", які выйшаў у свет з друкарні Віленскага Свята-Духава праваслаўнага брацтва ў Еўі. Да нашага часу дайшло ўсяго два экзэмпляры Буквара. Адзін з іх, няпоўны, знаходзіцца ў Каралеўскай бібліятэцы Даніі ў Капенгагене, другі экзэмпляр, поўны, захаваўся ў Бібліятэцы Мідл Тэмпл, якая знаходзіцца ў Лондане. У Беларусі не захавалася ніводнага арыгінала — вучэбныя выданні карысталіся вялікім попытам і хутка прыходзілі ў непрыдатны стан.

У свеце даследвання, вывучэння, папулярызацыі рэдкага выдання было лагічным з'яўленне факсімільнай версіі старажытнага арыгінала на царкоўна-славянскай мове на тэрыторыі Беларусі.

img

У 2019 г. Нацянальная бібліятэка атрымала лічбавыя копіі беларускіх буквароў XVII–XVIII стст., якія захоўваюцца ў розных краінах свету, пераважна Еўропы.

У фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі захоўваюцца арыгіналы "Букваря языка славенскага" 1767 г. і 1806 г., выданыя ў "Вілне".

img

Фота і матэрыялы сайта і інфармацыйных рэсурсаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, са старонак Алеся Сушы ў сетцы Facebook