Да выставачнага праекта, прысвечанага 100-годдзю Віленскага беларускага музея імя Івана Луцкевіча, зараз можна вярнуцца ў любы момант! Нацыянальны мастацкі музей разам з клубам “Факультатыў” падрыхтаваў 3D-тур па экспазіцыі і відэаэкскурсію з куратарам выставачнага праекта Дзмітрыем Монічам!

img

Выстава беларускай калекцыі Віленскага музея імя І. Луцкевіча ў Нацыянальным мастацкім музеі адбылася напрыканцы 2021 г., пазнаёміла беларусаў з гісторыяй музея, яго дзейнасцю, лёсам прадметаў з яго фондаў на тэрыторыі Беларусі, таксама са шматлікімі судачыненнямі да знанай асобы беларускай культуры Івана Луцкевіча.

З матэрыялам пра выставу і артыкулам Д. Моніча “Жыццё пасля смерці: лёс спісаных музейных прадметаў”, прысвечаным даследванню прысутнасці калекцыі музея на тэрыторыі Беларусі, можна азнаёміцца на сайце інтэрнэт-партала “Вяртанне”.

Праект меў вялікі рэзананс. Прапанаваная экспазiцыя падкрэслівала неабходнасць вяртання, вывучэння, граматнага захавання і, не менш важнага, адкрытага доступу да прадметаў мастацтва ўсіх катэгорый зацікаўленых - звычайных гледачоў, навукоўцаў, даследчыкаў і інш.

Неабходнасць далейшага існавання выставы была відавочна. Навіна пра стварэнне праекта ў 3D фармаце і відэаэкскурсіі была сапраўды “прыемнай”. Супрацоўніцтва Нацыянальнага музея з клубам “Факультатыў” атрымала выдатны вынік.

img

img На прэзентацыі offline фармата выставы

Асноўная задача клуба «Факультатыў» складалася ў тым, каб алічбаваць выставу, стварыць яе віртуальную версію з доступам для усіх зацікаўленых. Аўтар праекта клуб інтэлектуальнага вольнага часу “Факультатыў” Таццяна Пушко адзначыла: “Мы ўпэўненыя, што тая выдатная праца, якую зрабіў куратар выставы i навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Зміцер Моніч, абавязкова павiнна мець працяг, і рады зрабіць тое, што ў нашых сілах, каб гэта ажыццявілася.”

Выкарыстаны фота Maxim Shumilin са старонкі Таццяны Пушко ў сэтцы Facebook

Паводле матэрыялаў са старонак Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусі, Дзмітрыя Моніча,Таццяны Пушко ў сетцы Facebook