Паводле БелТА 15 верасня 2022 года ў Навагрудку адбылася ўрачыстая перадача палімерных копій Кубка Святой Ядвігі, арыгінал якой экспануецца ў федэральнай дзяржаўнай бюджэтнай установе культуры "Дзяржаўны Эрмітаж" (Расійская Федэрацыя).
Кубкі такога тыпу шырока вядомыя навукоўцам нягледзячы на тое, што іх не так і шмат – на сённяшні дзень вядома 14 такіх артэфактаў. Звычайна, гэтыя кубкі датуюцца ХІ-ХІІ стст. Большасць з іх паходзіць з тэрыторый, якія раней уваходзілі ў склад Рымскай імперыі. Падобныя артэфакты захоўваюцца ў саборах і музеях Польшчы, Нідэрландаў, Германіі, Вялікабрытаніі. За межамі гэтых тэрыторый было знойдзена толькі некалькі такіх кубкаў, сярод якіх першым быў кубак з Наваградка.
Навагрудскую шкляніцу знайшлі падчас археалагічных раскопак на Навагрудскім замку (1955-1962 гг.). Гэта фрагмент кубка (2/3 ад цэлага прадмета), а таксама неапрацаваны кавалак шкла, меркавальна, ад другога кубка такога ж колеру, што і першы кубак. Кубак аздоблены рэльефнаю разьбою і гравіроўкай: фігуры грыфона, ільва і дрэва жыцця ў выглядзе дзвюх змей.
Фота з сайта Навагрудскага гістарычна-краязнаўчага музея
Фота са старонкі Дзяржаўнага Эрмітажу ў Facebook
Усе 14 кубкаў Ядзвігі выраблены ў даволі складанай тэхніцы (магчыма таму Брытанскі музей і аднёс іх да 100 самых значных твораў матэрыяльнай культуры ўсяго чалавецтва): гэта тоўстасценныя сасуды, якія маюць рэльефныя ўпрыгожванні, элементы, вырабленыя шляхам зточвання фона вакол арнаменту. Можна сцвярджаць, што ўсе кубкі вырабілі ў адной майстэрні. Падставай для такіх высноў служыць своеасаблівая тэхніка вырабу і самі элементы аздаблення кубкаў, а таксама той факт, што гэта былі вельмі дарагія рэчы, прызначаныя не для продажу на рынках, але толькі даступныя пад асабістую замову. Навукоўцы мяркуюць, што кубкі выкарыстоўвалі ў якасці дыпламатычных дароў і падчас каранацый.
У цырымоніі перадачы копій прымаў удзел старшыня Беларускага геаграфічнага таварыства Аляксей Яротаў, які адзначыў наступнае: "Мы патрацілі 3 гады на тое, каб атрымаць палімерныя копіі з элементамі рэканструкцыі ў дакладным дазволе кубка святой Ядвігі. Сёння яны перадаюцца на экспанаванне ў касцёл святога Міхала Арханёла і Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей. Усе прадметы, знойдзеныя падчас раскопак, былі перададзены ў Інстытут гісторыі матэрыяльнай культуры РАН. Частка калекцыі згубілася, а частка была перададзена ў Эрмітаж...”.
Атрыманне копій каштоўнага артэфакта стала магчымым, дзякуючы намаганням Міністэрства культуры Беларусі, Беларускаму геаграфічнаму таварыству, супрацоўнікам Навагрудскага гісторыка-краязнаўчага музея, а таксама ксяндзу Юрыю Жэгарыну, пробашчу парафіі касцёла святога Міхала Арханёла ў Навагрудку.
Фота і матэрыялы інфармацыйнага агенства БелТА, установы культуры «Навагрудскі гістарычна-краязнаўчы музей», партала Catholicnews.by