На пасяджэнні Камісіі па выяўленні, вяртанні, сумесным выкарыстанні і ўвядзенні ў навуковы і культурны абарот культурных каштоўнасцей, якія знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь, якое прайшло 1 снежня 2022 г. у Міністэрстве замежных спраў, намеснік Міністра культуры, сустаршыня Камісіі Саракач С.А. прадставіў вынікі работы ўстаноў культуры і іншых арганізацый, якія вядуць дзейнасць у дадзеным напрамку, за 2021-2022 гады.

Згодна звестак за апошнія два гады ў Рэспубліку Беларусь вернуты 24 арыгінальныя культурныя каштоўнасці. З’яўленне артэфактаў, датычных да гісторыі і культуры Беларусі, на тэрыторыі краіны адбываецца рознымі шляхамі.

Вельмі часта культурныя каштоўнасці беларускага паходжання перадаюцца ва ўстановы ў дар, або на бескаштоўнай падставе. Напрыклад, у Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва ў 2021 г. пры дапамозе Пасольства Рэспублікі Беларусь у Федэратыўнай Рэспубліцы Германія былі бескаштоўна перададзены архівы мастака Абрама Рабкіна і тэатральнага рэжысёра Льва Літвінава, вядомага сваёй пастаноўкай «Паўлінка» Я. Купалы ў 1944 г.

img

Альбом нот з творамі кампазітара Станіслава Манюшкі і іншых кампазітараў (канец XIX ст.) таксама быў атрыманы ў дар Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь ад Генеральнага консула Рэспублікі Беларусь у Мюнхене Андрэя Рыгоравіча Кулажанкі (Федэратыўная Рэспубліка Германія)

img

Нацыянальнаму мастацкаму музею Рэспублікі Беларусь у 2022 г. быў падараваны твор Царфіна (Зарфіна) Сэма (Файбіш-Шрагі) “Дзяўчынкі і кветкі” (1950-я гг.), які да 2018 г. знаходзіўся за межамі Беларусі. Карціна ўжо была прадстаўлена грамадскасці падчас правядзення выставы «Невядомае пра вядомае. Пра што кажуць кветкі» восенню 2022 г.

img

Часта вяртанне каштоўнага артэфакта магчыма праз яго набыццё, у такім выпадку дзяржаўнымі органамі кіравання вылучыюцца неабходныя сродкі. Так, ў 2022 г. быў набыты прадмет сакральнага жывапісу Веткаўскай школы іканапісу – абраз чатырохчастковы, які зараз знаходзіцца ў Веткаўскім музеі стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава. Віцебскі абласны краязнаўчы музей правёў работу па выяўленні культурных каштоўнасцей на інтэрнет-аўкцыёнах у 2021 годзе. У выніку былі набыты 6 фатаграфій з выявамі Віцебска ў перыяд нямецка-фашысцкай акупацыі.

img

У 2021 г. у рамках рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 25 мая 2020 г. № 3 "Аб замежнай бязвыплатнай дапамозе" Магілёўскаму абласному краязнаўчаму музею імя А.Р. Раманава былі перададзена калекцыя прадметаў этнаграфіі Магілёўскага Падняпроўя, якая складаецца з 11 прадметаў, у тым ліку, ручнікі, пакрывалы, наміткі, кашулі, фартухі, і лямпа Ханукія (другая палова ХVIII ст.)

img

На сённяшні дзень пры адсутнасці магчымасці вяртаць арыгінальныя каштоўнасці шырока распаўсюджана так званая “мяккая” рэстытуцыя – атрыманне копій і рэпрадукцый, сярод якіх архіўныя дакументы, кнігі, фатаграфіі, творы мастацтва. За апошнія два гады было атрымана звыш 2100 адзінак, якія дакладна паўтараюць сапраўдныя артэфакты, у тым ліку:

737 алічбаваных старонак Жухавіцкага Евангелля (XVI ст.) з фондаў Бібліятэкі Акадэміі навук Літвы імя Урублеўскіх

img

На бязвыплатнай аснове былі перададзены якасныя электронныя копіі рукапісаў Янкі Купалы паэмы "Курган", вершаў "Памяці Вінцука Марцінкевіча", "Роднае слова", "Задзіншчыкам" **з Беларускай бібліятэкі і музея імя Францыска Скарыны ў Лондане ў Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы і **копіі 27 лістоў Якуба Коласа з уласнай перапіскі з жонкай М.Д. Міцкевіч з Інстытута рускай літаратуры Расійскай акадэміі навук (Пушкінскі Дом) у Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа.

img

img

Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі атрымаў лічбавыя копіі актавых кніг Браслаўскага і Клецкага земскіх судоў розных перыядаў у колькасці 12 адзінак захавання ў рамках абмену лічбавымі копіямі згодна з Пагадненнем аб супрацоўніцтве паміж Дзяржаўным гістарычным архівам Літвы і Нацыянальным гістарычным архівам Беларусі, падпісаным 11 лістапада 2019 г.

Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей атрымаў 45 адзінак электронных копій Старога замка XVIII-XX стст., якія захоўваюцца ў фондах Расійскага дзяржаўнага ваенна-гістарычнага архіва (г. Масква, Расійская Федэрацыя).

img

У 2021 г. Беларуская бібліятэка і музей ім. Ф. Скарыны ў г. Лондан перадала Нацыянальнаму гістарычнаму музею Рэспублікі Беларусь 466 лічбавых копій фотаальбома этнаграфічнай экспедыцыі 1928 г., арганізаванай кафедрай этнаграфіі Інбелкульта пад кіраўніцтвам В. Ластоўскага.

img

За перыяд 2021-2022 гады павялічалася колькасць перадзеных электронных копій жывапісу.

Лічбавыя копіі 3 партрэтаў роду Сапегаў былі атрыманы спецыялістамі Ружанскага палацавага комплексу роду Сапегаў у выніку праведзенай работы ад выяўлення жывапісных твораў у пастаяннай экспазіцыі Смаленскага дзяржаўнага музея-запаведніка да атрымання копій. Партрэты былі канфіскаваны ў гады Першай сусветнай вайны з Ружанскага і Дзярэчынскага палацаў роду Сапегаў і перавезены ў Смаленск.

img

Арлоўскі музей выяўленчых мастацтваў (Расійская Федэрацыя) перадаў Жыліцкаму гістарычнаму комплексу-музею 7 лічбавых копій твораў жывапісу, у тым ліку пэндзля Я. Дамеля. Карціны былі эвакуіраваны для захоўвання апошнім уладальнікам палаца Эмануілам Булгакам у Арол з Жыліч у гады Першай сусветнай вайны.

img

Гісторыка-мемарыяльным музеем "Сядзіба Нямцэвічаў" сумесна з Пасольствам Беларусі ў Расіі атрыманы лічбавыя копіі 4 партрэтаў XIX стагоддзя з калекцыі Урсын-Нямцэвічаў. Арыгіналы знаходзяцца ў Калужскім аб'яднаным музеі-запаведніку, куды вывезены ў 1915 годзе з сядзібы Нямцэвічаў (зараз - в. Скокі, Брэсцкі р-н, Брэсцкая вобл.).

img

У верасні 2022 г. былі перададзены ў Навгрудак дзве палімерныя копіі "Кубка Ядвігі" ХІІ ст. Навагрудскі «Кубак Ядвігі» захоўваецца ў Дзяржаўным Эрмітажы (г. Санкт-Пецярбург, Расійская Федэрацыя) пасля раскопак савецкімі археолагамі ў 1960-х гг.

img

Прадстаўленыя прыклады вяртання арыгіналаў і копій культурных каштоўнасцей беларускага паходжання з’яўляюцца вынікам шматлікіх намаганняў з боку ўсіх удзельнікаў гатага працэсу – Міністэрства культуры і іншых дзяржаўных ведамстваў, устаноў і арганізацый, а таксама асобных спецыялістаў і зацікаўленых асоб – і заслугоўвае павагі і пашаны.

Работа ў вызначаным напрамку будзе працягвацца і ў наступныя гады.

Паводле матэрыялаў пасяджэння Камісіі (01.12.2022), інтэнрнэт-партала “Вяртанне”.