Паводле інфармацыі агенства БелТА у Музеі гісторыі Магілёва 15 студзеня 2020 г. быў прадстаўлены новы набытак – сярэдневякы рыцарскі мяч, які належыў рыцару канца XV – пачатку XVI стст., парэшткі і даспех якога былі знойдзены на дне ракі Віхра ў Мсціслаўскім раёне ў 2013 г.

img

Дадзены меч быў прысвоены невысветленымі асобамі, якія ажыццяўлялі незаконныя археалагічныя пошукі (“чорныя капальнікі”) у рацэ Віхра каля г. Мсціслава ў 2013 г., і вывезены за межы Рэспублікі Беларусь. На момант знаходкі ён уваходзіў у комплекс рыцарскага ўзбраення (кіраса, шлем, фрагменты кальчугі, шпоры і інш.), які цяпер знаходзіцца ў фондах музея гісторыі г. Магілёва.

img

Пасля неаднаразовых перапродажаў за межамі Беларусі ў 2019 годзе меч быў выстаўлены на аўкцыёне ў адной з еўрапейскіх краін, выкуплены і цяпер вернуты ў Беларусь.

img

Вяртанне рыцарскага мяча стала магчымым у выніку сістэматычнай працы супрацоўнікаў музея гісторыі Магілёва, а таксама дзякуючы дапамозе з боку прадстаўнікоў Міністэрстваў культуры, замежных спраў Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага мытнага камітэта Рэспублікі Беларусь, спецыялістаў як Беларусі, так і замежжа, грамадскіх актывістаў. Набыццё каштоўнага артэфакта адбылося за кошт частковага фінансавання Магілёўскім гарвыканкамам і пры фінансавай падтрымцы спонсараў.

img

Больш падрабязны аповяд пра пошук культурнай каштоўнасці, удзел пэўных асобаў на розных яго этапах прадстаўлены ў штодзённай грамадска-палітычнай газеце «Звязда» і на сайце ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ».

Гісторыя вяртання на радзіму дакладнай культурнай каштоўнасці не адзіная ў дзейнасці музея. Калектывам супрацоўнікаў музея начале з дырэктарам Аляксем Бацюковым вядзецца актыўны пошук і набыццё ў прыватных асобаў помнікаў культуры, што рэпрэзентуюць спадчыну як г. Магілёва, так і Беларусі ў цэлым. З набыткаў пачатку дзесяцігоддзя можна узгадаць Статут ВКЛ 1588 г., арыгінальны асобнік выдання «Апостала» Спірыдона Собаля 1632 года, Новы запавет і Псалтыр ХVІІ ст., літургічнае покрыва, упрыгожанае слуцкімі паясамі і інш. Больш дакладную інфармацыю аб калекцыі набытых каштоўных артэфактаў можна атрымаць на сайце музея.

Па матэрыялах агенства БелТА, музея гісторыі Магілёва, грамадска-палітычная газета “Звязда” , ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ»

Фота БелТА, музей гісторыі Магілёва, грамадска-палітычная газета “Звязда”, ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ».