У 2020 годзе адзначаецца памятная дата – 150 гадоў з дня нараджэння мастака Фердынанда Рушчыца (1870–1936). Выбітны пейзажыст, графік, тэатральны мастак, педагог і грамадскі дзеяч Рушчыц пакінуў глыбокі след у мастацтве і культурна-грамадскім жыцці былой Рэчы Паспалітай.

img

Партрэт Фердынанда Рушчыца (1870–1936). Аўтар Гольч Ядвіга (1866–1936). Фотаздымак. 14,4x10,6. Нацыянальны музей у Варшаве.

Фердынанд Рушчыц – яркі прадстаўнік сімвалізму ў мастацтве, які спалучыў традыцыі нацыянальнага жывапісу і заходнееўрапейскіх тэндэнцый, ключавая фігура мастацкага жыцця Віленшчыны ў міжваенны перыяд. Ён стаў важнай персонай для культуры сучаснай Беларусі, Літвы і Польшчы. Палотны мастака захоўваюцца ў многіх еўрапейскіх і амерыканскіх музейных і прыватных калекцыях.

img

Рушчыц Фердынынд. Ля касцёла. 1899. Палатно, алей. 103,7х78. Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь.

У рамках мерапрыемстваў, прымеркаваных да святкавання года Фердынанда Рушчыца, абвешчанага ЮНЕСКА на 2020 год, віртуальная выстава на сайце Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь стала адной з першых падзей, своеасаблівым вяртаннем творчасці мастака на радзіму. У юбілейны год запланаваны дзясяткі розных мерапрыемстваў, прысвечаных Фердынанду Рушчыцу. Гэта мастацкія пленэры, выданне памятнай манеты і паштовай маркі, Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя з удзелам мастацтвазнаўцаў і даследчыкаў, выданне альбома Фердынанда Рушчыца, прэзентацыі кніг, прысвечаных творчасці мастака. Апафеозам года Рушчыца павінна стаць рэтраспектыўная выстава з калекцый музеяў Польшчы, Літвы, Расіі, Беларусі, вернісаж якой запланаваны на 5 лістапада 2020 года.

img Фердынанд Рушчыц у сваім кабінеце ў Багданаве. 1911. Аўтар Булгак Ян (1876–1950). Таніраваны бром. 38,8х28,6. З калекцыі сям’і Фердынанда Рушчыца.

У рамках віртуальнай выставы на сайце Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь упершыню прадстаўлены выявы твораў і фатаграфіі са збору Нацыянальнага музея ў Варшаве, Нацыянальнага музея ў Кракаве, Акруговага музея ў Торуні, Музея літаратуры імя Адама Міцкевіча ў Варшаве, Літоўскага мастацкага музея, Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, а таксама з архіва сям’і мастака. Аматары творчасці Фердынанда Рушчыца могуць пазнаёміцца з яго пашыранай біяграфіяй, убачыць рэдкія сямейныя здымкі, якія мала публікаваліся (у тым ліку з Мінска), багданаўскія пейзажы і партрэты аўтарства фатографа і сябра мастака Яна Булгака, а таксама малюнкі і кніжныя ілюстрацыі майстра.

Аляксей Мацюшонак,

вядучы навуковы супрацоўнік аддзела рускага і замежнага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь