Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (далей – НГА Беларусі) праводзіць актыўную работу па вяртанні ў Беларусь той часткі дакументальнай спадчыны беларускага народа, якая па волі лёсу апынулася і зараз захоўваецца ў архівах, бібліятэках, музеях за межамі нашай краіны. Размова, безумоўна, вядзецца не пра папяровыя арыгіналы дакументаў, а пра іх высокаякасныя лічбавыя копіі, праца з якімі дазваляе атрымліваць практычна такі ж аб’ём інфармацыі, што і вывучэнне арыгіналаў.

За апошнія 3 гады у межах працы па выяўленні дакументаў па гісторыі Беларусі ў архівах, бібліятэках і музеях замежжа і дамоваў аб абмене копіямі з замежнымі ўстановамі НГА Беларусі атрымаў лічбавыя копіі наступных дакументаў:

– у 2020 г. ад Цэнтральнага архіва гісторыі яўрэйскага народа (г. Іерусалім, Ізраіль) метрычных кніг Мінскага яўрэйскага таварыства аб шлюбах і разводах за 1912–1919 гг.;

– у 2020 г. ад Дзяржаўнага архіва Яраслаўскай вобласці (г. Яраслаўль, Расійская Федэрацыя) – актавай кнігі Слонімскага земскага суда за 1555–1565 гг.;

– у снежні 2020 г. ад Дзяржаўнага архіва Цвярской вобласці (г. Цвер, Расійская Федэрацыя) – актавых кніг Віцебскага падкаморскага суда за 1642–1647 гг. і Віцебскага гродскага суда за 1684–1687 гг.;

– вясной 2021 г. ад Дзяржаўнага гістарычнага архіва Літвы (г. Вільнюс, Літоўская Рэспубліка) – 11 актавых кніг Браслаўскага земскага суда за 1725–1784 гг.;

– у 2021 г. ад Навуковай бібліятэкі Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В.Ламаносава (г. Масква, Расійская Федэрацыя) – актавай кнігі Клецкага замкавага суда за 1596–1598 гг.;

– 28 лістапада 2022 г. ад Расійскага дзяржаўнага архіва старажытных актаў (далей РДАСА; г. Масква, Расійская Федэрацыя) – актавай кнігі Пінскага гродскага суда за 1668–1669 гг.

Атрыманыя матэрыялы ў НГА Беларусі ўключаюцца ў склад калекцый лічбавых копій (яўрэйскія метрычныя кнігі – у склад КЛК-18; слонімская, віцебскія і браслаўскія актавыя кнігі – у склад КЛК-1) і становяцца даступнымі для даследчыкаў у чытальнай зале архіва. Копіі актавых кніг XVI–XVIII стст., акрамя таго, выкарыстоўваюцца архівам пры выкананні навуковых праектаў.

Навуковыя даследванні ў НГА Беларусі праводзяцца ў рамках навуковых тэм, якія зацвярджаюцца вучоным саветам установы. На сучасны момант архівам актыўна распрацоўваюцца шэраг тэм.

img

Атрыманыя лічбавыя копіі адыгрываюць вельмі важную ролю ў распрацоўцы дзвюх з іх.

У рамках тэмы «Беларусь у актавых кнігах» НГА Беларусі ўводзіць у навуковы ўжытак найбольш цікавыя і значныя матэрыялы са складу актавых кніг XVI–XVIII стст., якія былі створаны на нашай тэрыторыі. Пры гэтым, прыарытэт аддаецца малавядомым крыніцам.

З Дзяржаўнага архіва Цвярской вобласці былі атрыманы лічбавыя копіі актавых кніг Віцебскага павета XVII ст, іх папярэдняе вывучэнне паказала, што яны маюць нетыповую гісторыю. Кнігі не нясуць на сабе слядоў апрацоўкі расійскімі паверачнымі камісіямі 1830-40-х гг., яны ніколі не знаходзіліся ў складзе Віцебскага і Віленскага цэнтральных архіваў старажытных актавых кніг, бо апынуліся ў прыватных руках і былі вывезены з тэрыторыі Беларусі не пазней канца першай трэці XIX ст.

img

У адрозненне ад дакументаў, што зберагаліся ў згаданых архівах і трапілі ў археаграфічную апрацоўку яшчэ ў канцы XIX– пачатку XX ст., віцебскія земская і падкаморская кнігі, якія захоўваліся спачатку ў прыватнай бібліятэцы, а пазней у перыферыйным расійскім архіве, дагэтуль застаюцца фактычна па-за ўвагай беларускіх гісторыкаў. Таму, на сучасны момант НГА Беларусі у рамках тэмы «Беларусь у актавых кнігах» ажыццяўляе археаграфічную падрыхтоўку навуковага выдання віцебскай земскай кнігі 1684–1687 гг.

Работы па тэме «Расія і беларускія землі ў XVII–XVIII стст.» вядуцца ў рамках Планаў сумесных дзеянняў Федэральнага архіўнага агенцтва Расійскай Федэрацыі і Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. У межах выканання Плана на 2020–2022 гг. РДАСА і НГА Беларусі ўжо падрыхтаваны II том зборніка «Расія і беларускія землі ў XVII–XVIII стст.» (храналагічныя рамкі: 1654–1667 гг.), а Планам работы на 2023–2025 гг. прадуглежджана сумесная падрыхтоўка згаданымі ўстановамі III тома зборніка (храналагічныя рамкі: 1668–1700 гг.). У якасці аднаго са шляхоў напаўнення выдання НГА Беларусі прапанаваў расійскім калегам перадаць беларускаму боку лічбавыя копіі некалькіх актавых кніг апошняй трэці XVII ст, што паходзяць са збораў былога Віленскага архіва, але зараз захоўваюцца ў Маскве, з мэтай іх далейшай апрацоўкі і частковай археаграфічнай падрыхтоўкі сіламі навуковых кадраў НГА Беларусі.

На сучасны момант у рамках праекта НГА Беларусі атрымаў ад РДАСА лічбавыя копіі актавай кнігі Пінскага гродскага суда 1668–1669 гг. і разлічвае на атрыманне ў бліжэйшы час копій кніг Дэкрэтавых пратаколаў Брэсцкага каптуровага суда 1668–1675 гг. і Гродзенскага гродскага суда 1658–1672 гг. Гэтыя матэрыялы будуць выкарыстаны пры складанні III тома зборніка «Расія і беларускія землі».

img

Такім чынам, НГА Беларусі намагаецца не толькі вяртаць ў Беларусь у выглядзе лічбавых копій вывезеныя раней з яе тэрыторыі гістарычныя дакументы, але таксама праводзіць іх навуковую апрацоўку і, па магчымасці, уводзіць вернутае ў навуковы ўжытак.

Макараў Максім Дзмітрыевіч,

намеснік дырэктара ДУ «Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі»