2020 г. выдаўся складаным для Беларусі Але нават у такі няпросты час адбываюцца важныя падзеі ў сферы вяртання культурнай спадчыны беларусам.

2020 г. абвешчаны ЮНЕСКА годам Фердынанда Рушчыца. У юбілейны год запланаваны дзясяткі розных мерапрыемстваў, прысвечаных Фердынанду Рушчыцу.

img

Адной з актыўных форм прэзентацыі спадчыны Ф. Рушчыца ў складаных эпідэміялагічных умовах стала правядзенне віртуальных выстаў. Асноўны комплекс дакументаў, матэрыялаў аб жыцці і дзейнасці Ф. Рушчыца, як і яго творы захоўваюцца ў архіўных, навуковых і музейных установах Літвы і Польшчы. На тэрыторыі Беларусі адным з першых Нацыянальны мастацкі музей на сваім сайце размясціў як з айчынных, так і прадастаўленыя для экспанавання з замежных збораў электронныя выявы твораў, фатаграфій.

img

У фондах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ўдалося выявіць шэраг матэрыялаў, якія дазволілі ўдакладніць некаторыя моманты біяграфіі выдатнага мастака. Яны экспануюцца на сайце ўстановы на вітртуальнай выставе "З берагоў Вілейкі" разам з матэрыяламі з афіцыйнага сайта Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры працягвае знаёмства беларусаў з новымі імёнамі нашай культурнай спадчыны. Напачатку бягучага года шырокаму колу наведвальнікаў прадстаўлены рэканструяваныя лісты першай гравіраванай Бібліі для народа ў малюнках, створанай у XVII ст. майстрам-разьбяром па дрэве Васілём Коранем з мястэчка Дуброўна (цяпер горад у Віцебскай вобл.).

img

Цягам часу ў музеі выдадзены зборнік матэрыялаў выставы і круглага стала, прысвечанага нашаму суайчынніку. Азнаеміцца з якаснымі мультымедыйнымі выданнямі «Кніга быцця», «Апакаліпсіс» і непасрэдна з самім зборнікам можна на сайце музея.

Пленная дзейнасць супрацоўнікаў музея гісторыі беларускай літаратуры мае выдатныя вынікі па вяртанню культурнай спадчыны Беларусі ў розных формах. Культура Беларусі і Францыі маюць шмат агульных складнікаў, часам ў выглядзе пэўных асоб і іх творчасці. Такім прыкладам можна вылучыць род Кастравіцкіх, якім прысвечана аднаіменная выстава ў музеі. З гісторыяй роду, дзейнасцю яго яркіх прадстаўнікоў можна пазнаёміцца на віртуальнай выставе на сайце музея.

img

У экспазіцыі сярод матэрыялаў, прадастаўленых з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Нацыянальнага гістарычнага архіва, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, былі прапанаваны для прагляду здымкі і іншыя экспанаты, перададзеныя нашчадкамі роду з-за мяжы. Аўтарам ідэі выставы і актыўным дапамагатым у яе здзяйсненні быў Уладзімір Шчасны, адзін з вядомых захавальнікаў культурнай спадчыны Беларусі.

img

Паводле матэрыялаў інфармацыйнага рэсурсу «Вяртанне», Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.

Фота з сайта і старонкі FB Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, з сайта Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі