Пачатак 2020 г. выдаўся вельмі багатым на навіны ў сферы вяртання, сумеснага выкарыстання, а таксама ўвядзення ў навуковы i культурны ўжытак культурных каштоўнасцей, якія маюць дачыненне да беларускай культуры і знаходзяцца, або знаходзіліся да пэўнага перыяду за межамі Беларусі. Кожная з падзей – гэта вынік супрацоўніцтва дзяржаўных ведамстваў і ўстаноў на тэрыторыі Беларусі і за яе межамі, гэта вынік плённай супрацы беларускіх і замежных спецыялістаў, а таксама мецэнатаў і іншых асобаў, якія спрыяюць гэтай дзейнасці.

Гучна і сцвярджальна прагучала навіна аб вяртанні кніжнай спадчыны Уладзіслава Сыракомлі на Беларусь. Фонды Нацыянальнай бібліятэкі папоўняцца калекцыяй прыжыццёвых і пасмяротных выданняў (звыш 50 адз.) вядомага беларускага і польскага пісьменніка. Сапраўднасць і каштоўнасць кожнай кнігі падцверджана праведзенай экспертызай. Рарытэты набыты ў прыватнага калекцыянера пры падтрымцы Ганаровага консула Беларусі ў Лазане Андрэя Нажэскіна і ўдзелу Часовага паверанага ў справах Рэспублікі Беларусь у Швейцарскай Канфедэрацыі Паўла Мацукевіча.

img Фота з сайта Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Больш падрабязна аб падзеі можна даведацца на інфармацыйных рэсурсах Пасольства Рэспублікі Беларусь у Швейцарскай Канфедэрацыі, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Спадчына магнацкага рода Храптовічаў паступова вяртаецца на Беларусь. На прыканцы студзеня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адкрыўся выставачны асветніцкі праект «Вяртанне». Мэта праекта – вярнуць 8 карцін з калекцыі роду Храптовічаў шляхам стварэння мастацкіх копій на падставе лічбавых, якія зроблены з арыгіналаў, што захоўваюцца ў Дзяржаўным музеі выяўленчых мастацтваў імя А.С. Пушкіна. Часам так званыя «мяккія» формы рэстытуцыі – выраб лічбавых, рэканструяваных копій арыгінальных артэфактаў – гэта адзіная магчымасць вярнуць культурныя каштоўнасці. Падчас выставы экспануецца першая адноўленая карціна з калекцыі: копія палатна Іагана Томаса ван Кесселя «Бяленне палатна пад Харлемам» (1675 г.).

img Фота газеты «Беларусь сегодня»

Больш падрабязна можна азнаёміцца ў паведамленнях і рэпартажах СМІ: БелТА, ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ», CTV

У пачатку лютага было абвешчана аб вяртанні на Беларусь трох арыгінальных кніжных асобнікаў з вядомай бібліятэкі Храптовічаў: «Іх перадалі ў дар Марыён Швезінгер і Гельмут Фікель», – паведаміла кіраўніца мясцовага культурна-асветніцкага фонду «Шчорсы і Храптовічы» Ганна Булда. Паводле інфармацыі фонда, пасля экспертызы ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі рарытэтныя выданні плануецца аставіць у галоўным кнігасховішчы краіны «на часовы дэпазіт», дзе будуць зроблены лічбавыя копіі, даступныя для вывучэння ўсім жадаючым. «Як толькі ў Шчорсах з'явяцца ўмовы для захоўвання і экспанавання - кнігі пяройдуць у музей у Шчорсах.»

img

img Фота з сайта мясцовага культурна-асветніцкага фонду «Шчорсы і Храптовічы»

Больш інфармацыі на сайце мясцовага культурна-асветніцкага фонду «Шчорсы і Храптовічы» і Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Удзельнікамі агульнага працэсу выяўлення, вяртання, увядзення ў культурны і навуковы ўжытак культурных каштоўнасцей з’яўляюцца не толькі ўстановы сферы культуры. Палітыка многіх фінансавых арганізацый прадугледжвае як падтрымку, так і стварэнне культурніцкіх праектаў і ініцыятыў. Так, Белгазпрамбанк мае карпаратыўную калекцыю, куды ўваходзіць больш за 100 артэфактаў, якія створаны пачынаючы з XVI cт. і маюць дачыненне да беларускай культуры. Калекцыя пастаянна папаўняецца новымі арыгінальнымі асобнікамі і экспануецца ў галерэі «АРТ–БЕЛАРУСЬ». У сярэдзіне лютага бягучага года адбылася прэзентацыя набыткаў жывапісу, графікі і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з калекцыі банка за 2019 год, якія сталі дасяжнымі для шырокага кола наведвальнікоў. Паводле інфармацыі на сайце artbelarus.by : «6 імёнаў вярнуліся ў Беларусь: Гіяцынт Альхімовіч, Анатоль Каплан, Бенджамін Копман, Мікалай Цыкоўскі, Пётр Сяргіевіч і Януарый Сухадольскі.»

img Фота «АРТ–БЕЛАРУСЬ»

Падрабязна пра прэзентацыю і складнікі калекцыі Белгазпрамбанка можна даведацца «АРТ–БЕЛАРУСЬ», ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ», NAVINY.BY