7 ліпеня – важная дата для Беларусі. У гэты дзень нарадзіліся выбітныя беларускія асобы, напрыклад, Янка Купала. Мяркуецца, гэты дзень 1796 г. можа быць часам нараджэння Яна Чачота. У 1887 г. 7 ліпеня на беларускай зямлі з’явіўся на свет Марк Шагал (пры нараджэнні – Маісей).

З цягам часу Шагал стаў сусветна вядомым майстарам авангарднага мастацтва ХХ стагоддзя – графікам, жывапісцам, сцэнографам. Яго творчасць прадстаўлена ў многіх краінах свету.

img

Аўтапартрэт з сямю пальцамі, Марк Шагал, 1913, Гарадскі музей Амстэрдама (музей Стэдэлек), Галандыя

На дадзены момант на Беларусі прысутнасць вядомага майстра пазначана невялікай колькасцю яго твораў. Значная калекцыя графічных работ мастака размешчана ў Музеі Марка Шагала ў Віцебску.

Шэсць твораў майстра, якія прадстаўляюць розныя перыяды яго творчасці, былі набыты за 2011-2013 гады ў асноўным на аўкцыёнах і з’яўляюцца складнікам карпаратыўнай калекцыі ААТ «Белгазпрамбанк», экспануюцца ў галерэі “Арт-Беларусь”. Чатыром карцінам нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.

img

Зялены пейзаж, 1948-1950 гг., карпаратыўная калекцыя ААТ «Белгазпрамбанк», твор ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь

У фондзе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі захоўваюцца аўтографы, выданні, якія адлюстроўваюць жыццёвы і творчы шлях майстра і культурную атмасферу пачатку XX стагоддзя. Сярод іх – кніга мастацтвазнаўцаў Абрама Эфраса і Якава Тугендхольда “Искусство Марка Шагала”, выдадзеная ў Маскве ў 1918 г. У выданні змешчана трыццаць рэпрадукцый жывапісу і графікі мастака. Наклад налічвае 850 нумараваных экзэмпляраў. У фондзе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі захоўваецца асобнік № 211. Кніга складзена пры ўдзеле Гуртка яўрэйскай нацыянальнай эстэтыкі “Schomir” (“Шомір”), створанага ў канцы 1916 г. У афармленні вокладкі выкарыстаны малюнак Марка Шагала “Чалавек з адкінутай галавой”.

img

Больш падрабязна пра складнікі сховішча Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі па тэме “Марк Шагал” можна азнаёміцца на сайце ўстановы .

Нягледзячы на невялікую колькасць работ Марка Шагала, якія можна пабачыць на тэрыторыі Беларусі, дотык беларусаў да спадчыны вядомага творцы становіцца больш значным падчас экспанавання яе на выставах.

Згодна звестак Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, “першая сустрэча беларускага гледача з мастацтвам Марка Шагала адбылася, калі нашчадкі мастака – яго ўнучкі Бэла і Мерэт Меер, арганізатары экспазіцый Шагала ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь і Музеі Марка Шагала ў Віцебску, прапанавалі адзначаць дзень нараджэння майстра (7 ліпеня) у Беларусі выставамі яго твораў. Гэта традыцыя захоўвалася на працягу некалькіх гадоў – да 2005 года. Услед за выставай «Марк Шагал. Творы міжземнаморскага перыяду. Гуашы, акварэлі, літаграфіі. 1949–1985» 1997 года былі наладжаны і іншыя: «Марк Шагал. Прысвячэнне Парыжу» (2000), «Марк Шагал. Пейзажы» (2002), «Марк Шагал і сцэна» (2004). У 2005 годзе ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі (з 2009 года – Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь) адбылася выстава «Марк Шагал. Колер у чорна-белым». Літаграфіі Марка Шагала былі прадстаўлены ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь на выставе «Марк Шагал і мастакі еўрапейскага авангарду» з калекцыі Музея Марка Шагала ў Віцебску, якая адбылася ў 2010 годзе. У лістападзе 2012 – студзені 2013 года ў музеі экспанавалася выстава «Марк Шагал: жыццё і каханне» з калекцыі Музея Ізраіля (Іерусалім). Творы Марка Шагала з карпаратыўнай калекцыі ААТ «Белгазпрамбанк» і Музея Марка Шагала ў Віцебску былі паказаны ў 2012 годзе на выставе «Мастакі Парыжскай школы з Беларусі». Тады ж паводле рашэння акцыянераў Белгазпрамбанка ў дар Нацыянальнаму мастацкаму музею Рэспублікі Беларусь былі перададзены два графічныя лісты мастака. У 2014 годзе работы Шагала з калекцыі ААТ «Белгазпрамбанк» ізноў былі прадстаўлены ў складзе экспазіцыі «Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі», а ў 2017 годзе – на выставе «Даторы, Шагал, Суцін, Хадасевіч-Лежэ. Энергія, экспрэсія, сімволіка і сны. Погляд на мастацтва Італіі першай паловы ХХ стагоддзя»”. У выставачнай зале «LIBRA» у маі 2019 года адкрылася выстава работ пад назвай «La Bible» вядомага майстра XX стагоддзя Марка Шагала, на якой экспанавалася 64 шматколерныяі літаграфіі з ілюстраваннем падзей Старога Запавету.

img

Прысутнасць Шагала на Беларусі вызначаецца не толькі наяўнасцю матэрыяльных увасабленняў творчасці мастака, але і асэнсаваннем той каштоўнасці, якую ўяўляе сабой сам мастак і яго дзейнасць. Гэты працэс, здаецца, не мае пэўнага заканчэння, бо яго руханне нараджае новыя “адзінкі” мастацтва з новай якасцю першаснай каштоўнасці.

img "ШАГАЛ", Дар'я Кулікова, 2021 г.

З падобных рухаў вынікае як раз тое вяртанне, якое стварае культурныя сэнсы, дзякуючы якім вызначаецца ідэнтыфікацыя кожнага з нас. І адзін з такіх шляхоў завецца “Марк Шагал”!

Паводле інфармацыйных матэрыялаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, галерэі "Арт-Беларусь", сайта "Музеи мира", старонак сац.сеткі Facebook

А. Гумінская, вядучы спецыяліст ІПКіПК БДУКМ