19 сакавіка споўнілася 100 год са дня нараджэння Язэпа Аляксандравіча Юхо, заснавальніка першай навуковай школы гісторыі дзяржавы і права Беларусі, доктара юрыдычных навук. Значную частку жыцця прысвяціў ён працы на кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, быў загадчыкам адной з кафедраў.

img

Навуковец даказаў, што статуты Вялiкага Княства Лiтоўскага 1529, 1566, 1588 гадоў мелi сваёй галоўнай крынiцай беларускае старажытнае права, сцвярджаў, што гэтыя помнікі права былi першымi ў Еўропе зводамi законаў (а не кодэксамi), створанымi на аснове мясцовага беларускага звычаёвага і пiсанага права. Юхо вывучаў погляды Францыска Скарыны i лічыў, што ён зрабiў значны ўплыў на падрыхтоўку Статута ВКЛ 1529 г. Падчас даследавання гiсторыі паходжання дзяржаў на тэрыторыi Беларусi i Вялiкага Княства Лiтоўскага даказаў, што Крэўская (1385), Вiленска-Радамская (1401), Гарадзельская (1413) i нават Люблiнская (1569) вунii з Польшчай не прывялi да лiквiдацыi Вялiкага Княства Лiтоўскага i не парушылi яго адасобленасцi i суверэннасцi. Даследчык абгрунтаваў сцвярджэнне, што Рэч Паспалiтая была канфедэратыўнай дзяржавай, у склад якой уваходзiлi дзве суверэнныя дзяржавы: Вялiкае Княства Лiтоўскае i Польшча, а пасля прыняцця Канстытуцыi 1791 г. Рэч Паспалiтая павiнна была пераўтварыцца ў федэратыўную дзяржаву. Вывучаў паўстанне 1794 г. пад кiраўнiцтвам Тадэвуша Касцюшкi, яго беларускае паходжанне i ўдзел у барацьбе Злучаных Штатаў Амерыкi з Вялікабрытанiяй.

img

Язэп Аляксандравіч працаваў у складзе камiсii па падрыхтоўцы праекта Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь 1994 г. Удзельнiчаў у працах па перавыданнi Статута Вялiкага Княства Лiтоўскага 1588 г. i 1566 г.

Дзейнасць Язэпа Аляксандравіча Юхо садзейнічала ўвядзенню ў навуковы і культурны ўжытак помнікаў кніжнай спадчыны, іх сэнсаў і значнасці.

img

Язэпа Аляксандравіча Юхо не стала 29 ліпеня 2004 года.

У 2011 г. у свет выйшла выданне “Памяць і слава: Іосіф Аляксандравіч Юхо. Да 90-годдзя з дня нараджэння”, прысвечанае беларускаму вучонаму–юрысту.

Паводле матэрыялаў Цэнтральнай навуковай біьліятэкі НАН Беларусі