У 2022 г. святкуецца 500-годдзе "Малой падарожнай кніжкі" беларускага першадрукара Францыска Скарыны. Шмат мерапрыемстваў прысвечана менавіта гэтай падзеі не толькі ў краіне, але і па-за яе межамі. Так, сёлетняя 29-я штогадовая канферэнцыя "Санкт-Пецярбург і беларуская культура", якая адбылася 16 чэрвеня ў Расійскай нацыянальнай бібліятэцы пры удзеле Санкт-Пецярбургскай асацыяцыі беларусістаў, прайшла ў кантэксце юбілейнай даты.

У цэнтры ўвагі канферэнцыі былі помнікі гісторыі і кніжнай культуры, музычная і мастацкая творчасць, біяграфіі грамадскіх дзеячаў. Даследчыкі з Расіі і Беларусі паведамілі пра гістарычныя дакументы, што захоўваюцца ў мінскіх і пецярбургскіх архівах і бібліятэках, абмеркавалі пытанні супрацоўніцтва ў сферы культуры. Так, вядомы даследчык кніжнай спадчыны, старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў А.А.Суша прадставіў матэрыялы па тэме “Навацыі і традыцыі «Малой падарожнай кніжкі» Францыска Скарыны”. Таксама былі агучаны і іншыя навуковыя тэмы, сярод якіх – “Параўнальнае апісанне літоўцаў і беларусаў у рукапіснай спадчыне Юлійса Калейса (Юлія Пятровіча Кузняцова) па матэрыялах Навуковага архіву Рускага геаграфічнага таварыства” (Ю. І. Внуковіч, старэйшы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдат гістарычных навук), “Ураджэнцы Санкт-Пецярбурга ў праекце Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі «Беларуская бібліяграфія ў асобах. Біябібліяграфічны даведнік»” (А.Л.Бараноўскі, бібліёграф Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі).

З поўнай праграмай канферэнцыі можна азнаёміцца на сайце Расійскай нацыянальнай бібліятэкі.

У межах канферэнцыі экспанаваўся арыгінальны асобнік «Малой падарожнай кніжкі».

Інфармацыйная даведка: «Малая падарожная кніжка» – першая кніга, надрукаваная меркавана ў 1522 г. на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага, у склад якога на працягу многіх стагоддзяў уваходзілі беларускія землі. "Малая падарожная кніжка", выдадзеная Францыскам Скарынам, складалася з 22 твораў. Гэта ўніверсальная богаслужэбная кніга, у якую ўключаліся ўласна біблейская кніга Псалтыра, у склад якога ўваходзілі малітоўныя песні ці псалмы (часам – да 50), Часослóў з нязменнымі малітвамі суткавага набажэнскага кола, а таксама тэксты некаторых найболей ужывальных зменных малітоўнікаў.

«Малая падарожная кніжка», якая адрозніваецца параўнальна невялікім фарматам (у 8-ю частку ліста) прызначалася не столькі для царкоўных богаслужэнняў, колькі для прыватнага чытання, падарожжаў, а таксама для навучання грамаце.

img

Арыгінальнае выданне “Малая падарожная кніжка” на тэрыторыі Беларусі знаходзіцца ў карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка, яно было набыта ў 2016 годзе. Гэты асобнік з’яўляецца адным з найбольш поўных па складу – з 22 магчымых частак у яго уваходзіць 18, яны сабраны разам у адну вокладку, у 11 з іх захаваліся пасляслоўі, напісаныя Францыскам Скарынам.

img

img Фота з сайта галерыі «Арт-Беларусь»

Паводле матэрыялаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, галерыі «Арт-Беларусь»,Расійскай нацыянальнай бібліятэкі