18 чэрвеня свой дзень нараджэння адзначыла Таццяна Іванаўна Рошчына, выдатная даследчыца і захавальніца беларускай кніжнай спадчыны.

img

Т.І. Рошчына з’яўляецца вядомым знаўцам гісторыі кніжнай культуры, аўтарытэтным спецыялістам у галіне кнігазнаўства. «Яна зрабіла вельмі шмат для фарміравання каштоўнай калекцыі рукапісаў і старадрукаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і на працягу 20 гадоў узначальвала працу з рукапіснай, старадрукаванай і рэдкай кнігай у галоўнай бібліятэцы краіны. Дзякуючы яе намаганням фонды бібліятэкі папоўніліся шматлікімі кніжнымі помнікамі ХVІ–ХІХ стст. Таццяна Іванаўна прыклала шмат высілкаў для арганізацыі працы па вывучэнні і бібліяграфічным апісанні гэтай каштоўнай калекцыі, бібліяграфічнай рэканструкцыі беларускіх гістарычных кнігазбораў.

Пад кіраўніцтвам і пры актыўным удзеле Т.І. Рошчынай рэалізаваны праекты, якія спрыялі развіццю міжнароднага супрацоўніцтва і міжкультурнага ўзаемадзеяння ў галіне кніжнай справы. Разам з расійскімі, украінскімі, літоўскімі і польскімі калегамі ажыццёўлена бібліяграфічная і віртуальная рэканструкцыя кнігазбораў Радзівілаў, Сапегаў і Храптовічаў. Таццяна Іванаўна выступіла арганізатарам і ўдзельнікам шматлікіх міжнародных канферэнцый, у тым ліку Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў, якія штогод праводзяцца ў Мінску з 1998 г. і збіраюць зацікаўленых навукоўцаў з усяго свету.

img

Па ініцыятыве Т.І. Рошчынай была распрацавана Дзяржаўная праграма «Памяць Беларусі», закліканая забяспечыць дзяржаўны ўлік і захаванне помнікаў кніжнай культуры краіны як часткі Міжнароднай праграмы ЮНЕСКА «Памяць свету». Музей кнігі, створаны ў 2006 г. у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, ў значнай ступені абавязаны сваім з’яўленнем Т.І. Рошчынай.

Вынікі пленнай працы Таццяны Іванаўны ўвасобіліся ў вялікай колькасці і высокага навуковага ўзроўню публікацый у айчынным і замежным друку – больш за 200. Яна выступіла ініцыятарам стварэння, складальнікам і навуковым рэдактарам шматлікіх друкаваных выданняў па кнігазнаўстве, у тым ліку зборнікаў навуковых артыкулаў «Здабыткі: дакументальныя помнікі на Беларусі» (выдаецца штогод з 1995 г.) і «Рэха беларускіх кнігазбораў: лёсы прыватных бібліятэк» (2018), фотаальбома «Рарытэты Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі» (2005), метадычнага выдання «Кніжныя помнікі: выяўленне, апісанне, захоўванне, выкарыстанне» (2013), шэрага каталогаў калекцый.

На сайце «Вяртанне» можна азнаёміцца з публікацыяй Т.І. Рошчынай «Захаванне скарынаўскай спадчыны ў Беларусі».

Спіс артыкулаў і выданняў, аўтарам або сааўтарам якіх з’яўляеецца Таццяна Іванаўна Рошчына, змешчаны тут

Паводле матэрыялаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Фота з сайта Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі