Да Міжнароднага дня дарэння кніг, які адзначаецца 14 лютага, Нацыянальная бібліятэка Беларусі атрымала ў падарунак каштоўныя выданні з калекцыі княгіні Антоніі Радзівіл. Кнігі перадала відны славіст, папулярызатар беларускай культуры ў Швейцарыі Моніка Банькоўскі.

Фонд бібліятэкі папоўнілі двухтомнік “Souvenirs du general Cte Fleury” (Парыж, 1897–1898) і выданне “Mgr. Dupanloup...” Emile Faguet (Парыж, 1914), якія спадарыня Банькоўскі знайшла і набыла на швейцарскіх кніжных аўкцыёнах.

img

img

img

Моніка Банькоўскі – даўні сябар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

З пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя яна ўзначальвала аддзел славістыкі ў Цюрыхскай цэнтральнай навуковай і ўніверсітэцкай бібліятэцы. Пры яе дапамозе і актыўным удзеле было наладжана трывалае супрацоўніцтва з Нацыянальнай бібліятэкай у галіне міжнароднага дакументаабмену. Супрацоўніцтва паспяхова працягвалася да яе сыходу на пенсію.

Аднак абмен выданнямі з Монікай Банькоўскі не спыніўся і як з прыватнай асобай. З 2007 г. па сённяшні дзень бібліятэка атрымала больш за 600 асобнікаў перыёдыкі і каля сотні беларускіх рэтраспектыўных дакументаў, якія з’яўляліся на швейцарскіх аўкцыёнах. Спадарыня Банькоўскі працягвае дасылаць перыядычныя выданні “Times Literary Supplement” і “Aus dem Antiquariat”. У сваю чаргу па яе замове бібліятэка адпраўляе некаторыя выданні, а таксама перыёдыку – “Здабыткі” і “Бібліятэчны свет”.

Моніка Банькоўскі свабодна валодае беларускай мовай, яна неаднаразова брала ўдзел у міжнародных канферэнцыях, якія праводзяцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі. Яе звязваюць прафесійныя кантакты з супрацоўнікамі НДА кнігазнаўства.

Фота і матэрыялы сайта і інфармацыйных рэсурсаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі