У апошнія гады сярод кніг, прысвечаных тэме вяртання культурных каштоўнасцей беларускага походжання, вылучаецца даведачнае выданне А.М. Сінілы “Зборы мінскіх музеяў у Картатэцы ўласнасці мастацкіх аб’ектаў (1945–1952) Мюнхенскага цэнтральнага зборнага пункту”, якое выйшла ў свет напрыканцы 2019 года і было прэзентавана пад час XXVII Мінскай кніжнай выставы ў лютым 2020 года на стэндзе музейнага комплекса.

Дамоўленасць аб стварэнні гэтага выдання была дасягнута на сустрэчах В.М. Папко, кандыдата гістарычных навук, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання, члена Камісіі па выяўленні, вяртанні, сумесным выкарыстанні і ўвядзенні ў навуковы і культурны ўжытак культурных каштоўнасцей, якія знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь, з А.Ч. Лойка, дырэктарам установы “Музей “Замкавы комплекс “Мір”. З боку музея адказны за выпуск быў вучоны сакратар І.М. Ложачнік, які ўжо меў даволі багаты вопыт выдавецкай дзейнасці.

У выданні разглядаецца лёс збораў Беларускага дзяржаўнага музея і Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР. На аснове дадзеных Картатэкі ўласнасці мастацкіх аб’ектаў асвятляецца вываз нямецкімі арганізацыямі культурных каштоўнасцей з мінскіх музеяў у Германію і іх рэстытуцыя пасля вайны з Мюнхенскага цэнтральнага зборнага пукту. Прасочваюцца далейшыя шляхі вернутай спадчыны, якая сёння захоўваецца ў музеях Беларусі і за яе межамі. Вынікі даследавання дазваляюць праводзіць далейшую працу па пошуку і ідэнтыфікацыі страчаных музейных экспанатаў з даваенных мінскіх калекцый.

img

Аўтар выдання А.М. Сініла выказвае шчырую падзяку дырэктару ўстановы “Музей “Замкавы комплекс “Мір” Лойка Аляксандру Часлававічу, Папко Вользе Мікалаўне, Высоцкай Надзеі Фёдараўне, а таксама супрацоўнікам Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь – Карпенка Алене Уладзіленаўне, Сысоевай Любові Львоўне, Чавусу Станіславу Эдуардавічу, Хараку Аляксею Пятровічу, Вайцяхоўскай Валянціне Уладзіміраўне, Пракоп’евай Святлане Іванаўне; супрацоўнікам Нацыянальнага гістарычнага музея Республікі Беларусь Саўчанка Надзеі Іванаўне, Арлюк Кацярыне Валер’еўне; супрацоўніку Інстытуту украінскай археаграфіі і крыніцазнаўства імя М.С. Грушэўскага НАН Украіны Себта Таццяне Мікалаеўне, Генеральнаму дырэктару НХМУ Літвінец Юліі Уладзіміраўне.

Вучоны сакратар установы “Музей “Замкавы комплекс “Мір” І.М. Ложачнік