Культурна-гістарычная спадчына Беларусі — гэта шматгранны феномен, які ствараўся напрацягу стагоддзяў. Адметным густам і выкшталцонасцю адрозніваліся зборы арыстакратыі. Культурная прастора, якая існавала ў рэзідэнцыях магнатаў на тэрыторыі Беларусі спрыяла з’яўленню твораў высокага мастацкага ўзроўня. У беларускіх палацах і замках можна было сустрэць карціны Рэмбрандта, Рубенса, даспехі Кунца Лохнера, мэйсенскі парцэлянавы посуд і антычныя манеты і шмат іншага, што выконвала рэпрэзентатыўныя функцыі, здзіўляла і ўражвала гасцей магната.

Ад большай часткі палацаў і замкаў, якія існавалі на тэрыторыі Беларусі застаўся толькі напамін пра мінулае ў выглядзе пагоркаў з бачнымі дзе-нідзе кавалкамі цэглы і каменямі. Віхурлівыя падзеі і ваенныя канфлікты знішчылі гэтыя калекцыі як унікальныя зборы і раскідалі асобныя артэфакты з іх па свеце. Падчас працы канферэнцыі будуць ахарактарызаваны розныя этапы развіцця калекцыянавання і сучасны падыход да стварэння і адраджэння калекцый у былых палацах і замках арыстакратыі, у тым ліку з дапамогай выкарыстання лічбавых тэхналогій. Дыгіталізацыя прадметаў мастацтва з некалі каласальных мастацкіх калекцый мэблі, гадзіннікаў, посуду, зброі і інш. паскарае працэсы навуковай атрыбуцыі гэтых культурных каштоўнасцяў, што неабходна для рэваларызацыі былых магнацкіх рэзідэнцый і напаўнення іх духам гісторыі.

img

Асноўныя накірункі работы канферэнцыі: • магнацкія скарбніцы — генэзіс і эвалюцыя; • збраёўня: традыцыя калекцыянавання мілітарыі; • кнігазборы і зборы рукапісаў у магнацкіх бібліятэках і архівах; • рэлігійныя ахвяраванні магнатаў у касцёлах, цэрквах і зборах Беларусі; • жывапіс ў палацах і замках: ад сармацкіх партрэтных галерэй да спробаў музеефікацыі; • кухонныя і гаспадарчыя рэчы (посуд, мэбля) ў палацах і замках арыстакратаў; • мюнц-кабінеты ў рэзідэнцыях магнатаў; • эвакуацыя магнацкіх калекцый падчас ваенных канфліктаў; • беларускі антыкварыят на арт-рынках свету; • дыгіталізацыя і ўвядзенне ў навуковы зварот гісторыка-культурнай спадчыны прадметаў з магнацкіх калекцый, вывезеных з тэрыторыі Беларусі; • выкарыстанне прадметаў з магнацкіх рэзідэнцый у інтэрактыўнай працы з музейнай аўдыторыяй.

Да удзелу ў рабоце канферэнцыі запрашаюцца гісторыкі, мастацтвазнаўцы, арт-дылеры і супрацоўнікі аўкцыённых дамоў, музейныя і бібліятэчныя работнікі.

З дадатковай інфармацыяй і ўмовамі ўдзелу ў канферэнцыі можна азнаёміцца на сайце Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж».

Інфармацыйныя матэрыялы на ангельскай, польскай і рускай мовах.