Урачыстая перадача слуцкага пояса канца XVIII ст. ў тэматычную экспазіцыю «Музей памяці» Храма-Помніка ў гонар Усіх Святых адбылася 16 кастрычніка 2020 г. Арыгінальны кунтушовы пояс быў выкуплены на аўкцыёне з прыватнай калекцыі ў Францыі.

img

Дзякуючы фінансавай падтрымцы Ганаровага консула Рэспублікі Беларусь у Праттэльне (Швейцарская Канфедэрацыя) Германна Александэру Бэйелеру, па ініцыятыве протаіерэя Фёдара Поўнага і беларусаў, якія пражываюць за мяжой, культурная каштоўнасць вернута на радзіму. Праект рэалізаваны пры падтрымцы МЗС і пасольства Беларусі ў Швейцарыі. На сустрэчы была падкрэслена узрастаючая роля дароў прыватных калекцыянераў, мецэнатаў і грамадскіх арганізацый у фарміраванні музейных экспазіцый. Ганаровы консул Рэспублікі Беларусь у Праттэльне (Швейцарская Канфедэрацыя) Германн Александэру Бэйелеру адзначыў свой удзел наступнымі словамі: «Я павінен быў зрабіць гэта для Беларусі, і я рады, што ўсё атрымалася...»

img

На сайце дзяржаўнай установы «Беларускі культурны цэнтр духоўнага Адраджэння» змешчана апісанне слуцкага пояса. Ніжэй прыводзім дадзеную інфармацыю: Выраб зроблены на радзівілаўскай мануфактуры ў Слуцку ў перыяд з канца 1760-х - да 1780 гг., калі прадпрыемства ўзначальваў Ян Маджарскі. Прадстаўлены пояс вытканы з шаўковых, сярэбраных і залатых (сярэбраных пазалочаных) нітак у тэхніцы «taquete faconne». Памер: 370 x 34 см. Належыць да віду «двухбаковых» вырабаў; мае «вянковамедальённы» тып дэкору на канцах. Вянок у медальёне «сплецены» з дробных стылізаваных кветак, падобных на гваздзікі, васількі, рамонкі, на доўгіх тонкіх сцеблах. Бардзюры пояса дэкараваны кветкавай гірляндай, акантаваны вузкімі палоскамі з ланцужкамі ромбаў. Рэстаўрацыя дадзенага прадмета мастацтва была праведзена польскімі спецыялістамі ў г. Варшава ў 2019 годзе.

Сапраўднасць прадмета, а таксама яго мастацкая, гістарычная і музейная каштоўнасць пацверджана дзяржаўнай экспертызай Рэспублікі Беларусь.

img

Гістарычная інфармацыя

У строі магнатаў пояс быў сімвалам прыналежнасці да эліты, шматвяковых сямейных традыцый і багацця. Паясы былі высокатэхналагічны, складаныя ў вырабе, ткаліся з дарагіх нітак, патрабавалі пэўнага майстэрства і мастацкага густу, вырабляліся на мануфактурах. Слуцкі пояс мог змяшчаць да 200 грам золата: за адзін такі аксэсуар у даўнія часы можна было купіць невялікі маёнтак. Ткацкімі мануфактурамі валодаў магнацкі род Радзівілаў. У часы росквіту пад кіраўніцтвам бацькі і сына Маджарскіх ў Слуцку працавала да 55 ткачоў, столькі ж чаляднікаў і прадзільніц. На 20-25 станках штогод выпускалі каля 200 паясоў найтонкай працы. За гісторыю існавання слуцкай мануфактуры было выраблена каля 55 тысяч паясоў, кожны з якіх быў непаўторны… толькі 11 асобнікаў і некалькі фрагментаў знаходзіцца ў 7 беларускіх музеях.

Інфармацыйныя матэрыялы і фота з сайта дзяржаўнай установы «Беларускі культурны цэнтр духоўнага Адраджэння»