Адна з важных падзей, якая адбылася ў кантэксце сумеснага выкарыстання, а таксама ўвядзення ў навуковы і культурны абарот культурных каштоўнасцей, якія маюць дачыненне да беларускай культуры, адбылася на прыканцы студзеня 2020 г. У музеі гісторыі беларускай літаратуры шырокаму колу наведвальнікаў прадстаўлены рэканструяваныя лісты першай гравіраванай Бібліі для народа ў малюнках, створанай у XVII ст. майстрам-разьбяром па дрэве Васілём Коранем з мястэчка Дуброўна (цяпер горад у Віцебскай вобл.).

Гэта кніга – адзін з першых твораў лубачных гісторый пра стварэнне свету, зроблены па аналогіі з узорамі заходніх «Біблій жабракоў». Стваралася майстрам на працягу 1692-1696 гг. у Маскве, дзе ён працаваў разам з іншымі выдатнымі майстрамі беларускага паходжання, якія аздаблялі Гранавітую палату Маскоўскага Крамля, працавалі ў Збройнай, Залатой і Срэбранай палатах, іншых месцах Масквы. На сённяшні дзень навукоўцы дакладна не ведаюць якім накладам Васіль Корань мог выдаць сваю Біблію. Ёсць меркаванні пра 1000 асобнікаў, або толькі некалькі, а ёсць спецыялісты, якія свярджаюць, што асобнік быў адзінкавы. Зараз вядомы адзіны часткова ацалелы арыгінал, які сёння захоўваецца ў Аддзеле рэдкай кнігі Расійскай Нацыянальнай бібліятэкі ў Санкт-Пецярбургу. Кампазіцыя дадзенага асобніка складаецца з 36 аркушаў размаляваных гравюр з подпісамі на сюжэты з Кнігі Быцця (20 аркушаў) і Апакаліпсісу (16 аркушаў). Біблія не мае ні тытульнага аркуша, ні выходных дадзеных.

img

Паводле звестак супрацоўнікаў Музея гісторыі прыватнага калекцыянавання гісторык мастацтва і калекцыянер, выдатны даследчык гравюры і лубка Дзмітрый Равінскі ўвёў Біблію Васіля Кораня ў гісторыю мастацтва напрыканцы XIX стагоддзя. Аднак сапраўдным адкрывальнікам імя Васіля Кораня і першым даследчыкам яго творчасці стала мастацтвазнаўца Антаніна Георгіеўна Саковіч, адзін з найбуйнейшых у Расіі спецыялістаў у галіне рускай народнай карцінкі і рускай гравюры. Яна даследавала Біблію Васіля Кораня, і змясціла яе факсіміле ў выданні «Народная гравіраваныя кніга Васіля Кораня 1692 — 1696», якое пабачыла свет у 1983 г. у маскоўскім выдавецтве «Мастацтва». А. Г. Саковіч апублікавала першыя біяграфічныя звесткі пра Васіля Кораня, яго сына Аляксея і ўпершыню ўзгадала, што майстар паходзіць з мястэчка Дуброўна.

Справу мастацтвазнаўцы працягнуў заснавальнік сучаснага расійскага лубка, кіраўнік Акадэміі народнага мастацтва. Віктар Пензін На працягу 10 год ён узначальваў праект па рэканструкцыі Бібліі В. Кораня. У выніку зараз адноўленыя асобнікі Бібліі ёсць у музеях у Ватыкане, Мексіцы, Гіспаніі, Расіі (у Эрмітажы і Траццякоўскай галерэі). Копіі Бібліі ўручаліся Папу Рымскаму Яну Паўлу ІІ, Экзарху Беларусі – Мітрапаліту Мінскаму і Слуцкаму Філарэту, Патрыярху Кірылу.

img

Рэканструяваная Біблія была прадстаўлена на тэрыторыі Беларусі ў 2019 г. у г. Віцебску, а таксама на радзіме майстра ў г. Дуброўна, дзе перададзена на пастаяннае захоўванне разам з рэканструяванымі лубкамі XVII — XVIII стст. у музейны фонд Дубровенскага раёна. Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры таксама цяпер мае асобнік рэканструяванай Бібліі, як і прысвечаныя даследаванню творчасці В.Кораня выданні А. Г. Саковіч, якая параіла шукаць адзін з асобнікаў Бібліі Васіля Кораня на тэрыторыі Беларусі.

Паводле матэрыялаў газеты «Звязда», газеты «Культура», са старонкі FB дырэктара музея гісторыі беларускай літаратуры Міхаіла Рыбакова

Фота газета «Беларусь сегодня», газета «Звязда», газета «Культура»