У Міністэрстве замежных спраў 19 верасня адбылося пасяджэнне Камісіі па выяўленні, вяртанні, сумесным выкарыстанні і ўвядзенні ў навуковы і культурны ўжытак культурных каштоўнасцей, якія знаходзяцца за межамі Беларусі. Пасяджэнне правялі сустаршыні Камісіі – намеснік Міністра замежных спраў Андрэй Дапкюнас і намеснік Міністра культуры Сяргей Шарамецьеў.

img

На пасяджэнні члены Камісіі з удзелам шырокага кола запрошаных аўтарытэтных экспертаў абмеркавалі праблему перамешчаных з мінскіх музеяў падчас Другой сусветнай вайны культурных каштоўнасцей, якія апынуліся ў іншых краінах, і адзначылі важнасць сваечасовага напаўнення зацікаўленымі і адказнымі ўстановамі Беларусі базы звестак інтэрнэт-партала “Вяртанне”.

img

Удзельнікі пасяджэння зрабілі шэраг рэкамендацый па актуалізацыі дзейнасці Камісіі і прапанавалі новыя напрамкі яе работы, у тым ліку па ўсталяванні ўзаемадзеяння і пашырэнні супрацоўніцтва з замежнымі бібліятэкамі, сховішчамі і музеямі. На пасяджэнні камісіі было таксама закранута пытанне аб наглядзе і падтрыманні ў належным стане месцаў пахавання знакамітых беларусаў за мяжой і абмеркаваны магчымыя меры па іх добраўпарадкаванні.

Даведка

Камісія была створана ў 2009 годзе пры Савеце Міністраў. Яна вызначае прыярытэтныя напрамкі і формы дзейнасці па выяўленні, вяртанні, сумесным выкарыстанні і ўвядзенні ў навуковы і культурны абарот культурных каштоўнасцей, што знаходзяцца за межамі краіны. Камісія можа ўносіць ва ўрад адпаведныя прапановы, а таксама забяспечвае ўзаемадзеянне дзяржаўных органаў, грамадскіх аб'яднанняў, іншых юрыдычных асоб у гэтай сферы. У склад органа ўваходзяць прадстаўнікі міністэрстваў замежных спраў, культуры, інфармацыі і фінансаў, Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, Нацыянальнай бібліятэкі, Беларускага фонду культуры.

Па матэрыялах Міністэрства замежных спраў,
інфармацыйнага агенства БЕЛТА

Фота са старонкі ў Facebook Міністэрства замежных спраў