Плённая дзейнасць Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў галіне так званай “мягкай” рэстытуцыі дала новы вынік. 27 жніўня ў Доме прэсы прайшла прэзентацыя факсімільнага выдання помніка нацыянальнай кніжнай культуры – Берасцейскай Бібліі.

img

Як паведемляе інфармацыйнае агенства БелТА, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі, каардынатар і навуковы кіраўнік выдання Аляксандр Суша зазначыў: “Факсімільнае выданне Брэсцкай Бібліі 1563 года стала самым незвычайным у гісторыі беларускага друку. Упэўнены, што выданне ўвойдзе ў гісторыю сучаснай беларускай культуры, як гэта здарылася з самым першым выданнем Брэсцкай Бібліі ў 1563 годзе. Гэта кніга ўнікальная сама па сабе. Брэсцкая Біблія стала легендай, яна лічыцца самай прыгожай, дарагой, вялікай і, як яе часам называюць, самай загадкавай у гісторыі кніжнай культуры Беларусі. Сучаснае факсімільнае выданне можна ў пэўнай ступені назваць самым незвычайным у гісторыі айчыннага друку. Ні такога памеру, ні такой вагі і аб'ёму кніг у Беларусі не выходзіла”.

Выданне важыць 15 кг, налічвае каля 1,5 тыс. старонак фаліянтнага фармату, мае два тытульныя аркушы і аздоблена надзвычай прыгожымі гравюрамі. У ім з абсалютнай дакладнасцю адноўлены ўсе асаблівасці арыгінальнага выдання: памер, характар друку, паперы, рукапісныя надпісы і паметкі на старонках кнігі. Спецыяльна для выдання па старадаўніх тэхналогіях і поўнасцю ўручную быў выкананы спецыяльны пераплёт. Берасцейская Біблія выйшла ў свет 4 верасня 1563 года ў Берасцейскай друкарні па загадзе і на грошы канцлера Вялікага Княства Літоўскага князя Мікалая “Чорнага” Радзівіла. Сапраўды ўнікальная кніга, не стандартная для свайго часу. Перад асноўным тэкстам размешчаны каляндар, дзякуючы якому кожны мог удакладніць, якую частку Бібліі ён павінен чытаць сёння. На апошніх старонках упершыню ў гісторыі беларускага кнігадрукавання размешчаны прадметны ўказальнік, у якім ёсць пэўныя словы і нават фразы, а таксама старонкі, на якіх іх можна знайсці. У аснову факсіміле лёг экзэмпляр, які цяпер знаходзіцца ў Таруньскім універсітэце (Польшча). Першапачаткова ён належаў аднаму з нашчадкаў Мікалая “Чорнага” – Багуславу Радзівілу. “На вялікі жаль, большасць экзэмпляраў Брэсцкай Бібліі няпоўныя. У свеце ёсць шмат фрагментаў, захаваліся проста асобныя лісты. Поўных экзэмпляраў адзінкі, і гэта адзін з найбольш добра захаваных. У ім і пераплёт эпохі, і кніжны блок захаваўся”, - канстатуе намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі.

img

Як адзначыла арт-дырэктар выдавецкага дома "Сегмент" Кіра Сліжыкава, факсіміле стала сапраўдным творчым выклікам. Над праектам працавалі больш за 10 чалавек у выдавецтве. Сумесна з Нацыянальнай бібліятэкай праведзена спецыяльнае даследаванне, якое дало магчымасць вызначыць, як у тую эпоху афармляліся такія выданні. З мастацка-тэхнічнага пункту гледжання ўсе злучэнні, мацаванні, карашок выкананы так, нібыта кніга выдадзена некалькі стагоддзяў таму. Тое ж датычыцца фурнітуры і дэкаратыўнага афармлення. Праект рэалізаваны ў форме дзяржаўна-прыватнага партнёрства пры фінансавай падтрымцы закрытага акцыянернага страхавога таварыства "Белнафтастрах". "Праект атрымаўся ўдалы. Мы і далей гатовы аказваць усялякае садзейнічанне ў любых амбіцыйных культурных, гістарычных і рэлігійных праектах", - адзначыў гендырэктар таварыства Анатоль Чайчыц.

img

У перспектыве праект плануецца зрабіць агульнадаступным. "Мы хочам, калі будзе зацікаўленасць з боку дзяржаўных, грамадскіх арганізацый, прыватных уладальнікаў, выдаваць кнігу пад замову", - сказаў Аляксандр Суша. На гэты час выканана 11 экзэмпляраў. Разам з факсіміле апублікаваны вынікі навуковага даследавання аб кніжным помніку, якія паказваюць яго значнасць для айчыннай культуры. На прэзентацыі прадэманстравалі 2 варыянты выдання. Яны выкананы з розных матэрыялаў, адрозніваюцца па кошце, але ў цэлым капіруюць арыгінал. У самым дарагім выкананні кошт факсіміле можа даходзіць да 3 500 беларускіх рублёў. Арыгінальная Берасцейская Біблія таксама вельмі высока ацэньвалася ў мінулыя часы і была ледзь не самай галоўнай часткай спадчыны або пасагу.

У сталіцы адбылася першая прэзентацыя выдання. Для шырокай грамадскасці факсіміле Берасцейскай Бібліі будзе прадстаўлена падчас святкавання тысячагоддзя Брэста, а таксама на Дні беларускага пісьменства ў Слоніме.

Паводле матэрыялаў БелТА, НББ

Фота НББ