У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі 4 лютага адбылася ўрачыстая прэзентацыя Дзяржаўнага рэестра кніжных помнікаў Беларусі – важнага гісторыка-культурнага праекта, скіраванага на ўлік адзінкавых кніжных помнікаў і каштоўных кніжных калекцый, якія захоўваюцца ў нашай краіне.

Да нядаўняга часу кніжная спадчына была недастаткова вядомай і слаба ўлічанай, што вельмі ўскладняла яе вывучэнне і папулярызацыю. У кожнай бібліятэцы, музеі, архіве, універсітэце ёсць кніжны помнік – рукапіснае або каштоўнае друкаванае выданне. Задача праекта – улічыць усе кніжныя помнікі, якія захоўваюцца ў бібліятэках Беларусі, а па згодзе ўладальнікаў – у іншых зборах, у тым ліку прыватных.

Стварэнне Рэестра рэгламентуецца Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб культуры і стала магчымым дзякуючы падтрымцы профільнага міністэрства. Праца па стварэнні канцэпцыі Рэестра, распрацоўцы тэхнічнага задання, праграмнага забеспячэння, метадычнай і тэхналагічнай дакументацыі, а таксама тэсціраванні электроннага рэсурсу вялася на працягу апошніх трох гадоў.

У рэжыме тэсціравання і вопытнай эксплуатацыі больш за 1000 кніжных помнікаў ужо ўключана ў Рэестр. Створаны рэсурс уяўляе сабой комплексную інфармацыйную сістэму, якую можна шырока абнародаваць і прыступіць да працы надалей на агульнарэспубліканскім узроўні.

img

Развіццё інфармацыйных тэхналогій адкрывае ўсё новыя магчымасці для актыўнага сумеснага выкарыстання агульнай дакументальнай спадчыны. Праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі па стварэнні Дзяржаўнага рэестра кніжных помнікаў Рэспублікі Беларусь стане значным унёскам у працэс фарміравання агульнай культурнай прасторы, будзе садзейнічаць захаванню і памнажэнню культурных каштоўнасцей у свеце.

Па матэрыялах сайта Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі