26 сакавіка споўнілася 170 гадоў з дня нараджэння Аляксея Парфёнавіча Сапунова (1851 – 1924), беларускага гісторыка, краязнаўца, археографа і грамадскага дзеяча. З гэтай нагоды ў музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адкрылася выстава “Руплівец беларускай даўніны”, дзе прадстаўлены біяграфічныя дакументы, гімназічныя і студэнцкія сшыткі гісторыка, перапіска А.П. Сапунова з іншымі даследчыкамі, рукапісы, літаграфіі, планы і інш. дакументы.

img

Ураджэнец Віцебшчыны Аляксей Сапуноў (1851–1924) – адзін з апантаных і руплівых даследчыкаў Віцебшчыны. Ён упершыню выявіў, апісаў, пераклаў, выдаў вялікі пласт першакрыніц айчыннай гісторыі. Аўтар амаль 60 кніг і брашур, шматлікіх артыкулаў, энцыклапедычных даведак. Яго грунтоўная праца «Віцебская даўніна» дагэтуль застаецца запатрабаванай фундаментальнай крыніцай па гісторыі Паўночнай Беларусі. У аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў бібліятэкі Акадэміі навук ёсць магчымасць папрацаваць з унікальным выданнем «Віцебская даўніна» (1883–1888 гг.).

Вядомы даследчык быў адным з ініцыятараў і заснавальнікаў Віцебскага царкоўна-археалагічнага музея, Віцебскай вучонай архіўнай камісіі і іншых навуковых інстытуцый. Сабраў выдатную бібліятэку, многія асобнікі з якой ў 1923 г. паступілі ў фонд Беларускай дзяржаўнай і ўніверсітэцкай бібліятэкі (цяпер Нацыянальная бібліятэка Беларусі).

Імя Аляксея Парфёнавіча Сапунова цесна звязана з гісторыяй збірання беларускіх скарбаў. У зборах віцебскага даследчыка значыўся адзін з самых каштоўных і таямнічых кніжных помнікаў – Статут ВКЛ 1588 г.

img

У 1920-х гг. ён трапіў у зборы Беларускай дзяржаўнай і ўніверсітэцкай бібліятэкі (сёння НББ). На той час Аляксей Сапуноў быў ужо даволі сталым чалавекам і меў фінансавыя цяжкасці. Ён прапанаваў дырэктару бібліятэкі Іосіфу Сіманоўскаму набыць Статут і іншыя каштоўныя кнігі са свайго кнігазбору, што пасля пэўных выпрабаванняў і адбылося. У часе Другой сусветнай вайны Статут знік. Праз пэўны час ён з'явіўся на амерыканскім кантыненце, а пасля – у Беларускай бібліятэцы і музеі імя Францішка Скарыны ў Лондане.

img

Намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі А.А. Суша, які меў магчымасць працаваць “з таямнічым помнікам”, выказвае надзею на вяртанне каштоўнага асобніка кніжнай спадчыны Беларусі.

img

Звесткі пра артэфакт можна атрымаць з відэаматэрыялаў круглага стала “Аляксей Сапуноў: спадчына збіральніка віцебскай даўніны”, які прайшоў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі 17 сакавіка 2021 г.

Инфармацыя паводле Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі, са старонкі ФБ А.А. Сушы