Аляксандр Аляксандравіч Суша, больш вядомы як Алесь Суша – знаны даследчык і знаўца кніжнай спадчыны Беларусі, старшыня Міжнароднай асацыцыі беларусістаў, кандыдат культуралогіі.

У свой час вучыўся ў Беларускім дзяржаўным ўніверсітэце культуры і мастацтваў, Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы БДУ і Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Доўгі час (2005-2022 гг.) працаваў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі (далей – НББ) на розных пасадах (апошняя – намеснік генеральнага дырэктара – дырэктар па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці НББ).

img

Яго дзейнасць накіравана цалкам на вывучэнне кніжнай культуры Беларусі. Алесь Суша супрацоўнічае са шматлікімі замежнымі і айчыннымі даследчымі цэнтрамі, архівамі, бібліятэкамі. Ён аўтар больш за 450 публікацый, у тым ліку манаграфій.

Алесь Суша – канцэптуальны навуковец. Вынікі навукова-даследчай працы становяцца прадметам не толькі артыкулаў, грунтоўных выданняў, дакладаў на навуковых канферэнцыях, але і асэнсавання каштоўнасці даследных артэфактаў - кніжных помнікаў - у сучасным культурным асяроддзі беларускага грамадства.

img

Алесь Суша – Ініцыятар шматлікіх культурных, адукацыйных праектаў, якія здзяйсняюцца не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і за межамі краіны: прэзентацыя факсімільнага ўзнаўлення “Кніжнай спадчыны Францыска Скарыны” у больш як 50 краінах свету, выданне шэрагу манаграфій і кніг для дзяцей і моладзі пра Францыска Скарыну, якія захоўваюцца ў бібліятэках Беларусі і Літвыі іншых краін, факсімільнае выданне помнікаў кніжнай культуры Беларусі, напрыклад, Берасцейскай Бібліі, Слуцкага, Полацкага, Тураўскага, Жыровіцкага Евангелля. Выхад у свет кожнага з іх заўсёды суправаджаецця шэрагам арганізаваных мерапрыемстваў, дзякуючы якім культурны грамадскі асяродак напаўняецца новымі складнікамі і сэнсамі, звязаныя з помнікамі кніжнай спадчыны.

img

Алесь Суша з’яляецца сапраўдным пераемнікам і прадаўжальнікам навуковых, культурніцка-асветніцкіх традыцый, заснаваных такімі папярэднікамі, як Адам Іосіфавіч Мальдзіс, - вывучэнне, даследванне, уключэнне і прасоўванне ў грамадскую прастору каштоўных складнікаў культурнай спадчыны Беларусі і іх сэнсаў, як ідэнтыфікатараў нацыянальнай самасвядомасці.

img

img

img

Віншуем спадара Алеся Сушу з Днём нараджэння і шчыра дзякуем за вялікі плён дзейнасці, жадаем здароўя і далейшых поспехаў!

У артыкуле выкарыстаны матэрыялы сайта Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, старонак карыстальнікаў сацсеткі Facebook