На сённяшні дзень правядзенне выстаў на тэрыторыі Беларусі разглядаецца як адна з альтэрнатыўных форм вяртання культурных каштоўнасцей беларускага паходжання ў навуковы і грамадскі ўжытак. Найбольш прыдатнай для экспанавання артэфактаў з’яўляецца музейная пляцоўка.

Многія музеі Беларусі мэтанакіравана ўдзельнічаюць у падобных праектах. Да паспяховых прыкладаў можна аднесці супрацоўніцтва Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы з грамадскай арганізацыяй “Беларускі музей імя Івана Луцкевіча” (Вільнюс, Літва). Вынікам сумеснай працы сталі дзве выставы ў Мінску ў 2018 годзе — “Кузня беларускага духу”, прысвечаная традыцыям беларускага школьніцтва, і “Крывіцкая Мекка”, якая распавяла аб ролі Вільні ў гісторыі Беларусі пачатку ХХ стагоддзя. Падчас выстаў экспанаваліся і былі ўведзены ў навуковы ўжытак каля 125 фатаграфій, кніг і дакументаў, якія захоўваюцца ГА “Беларускі музей імя Івана Луцкевіча”.

У 2019 г. міжнароднае супрацоўніцтва адзначылася новай выставай – “У народ і край свой толькі веру”, прымеркаванай да 100-годдзя з дня смерці знанага грамадскага дзеяча, палітыка, археолага Івана Луцкевіча. У яе арганізацыі актыўны ўдзел прымала Пасольства Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь.

img

У экспазіцыі прадстаўлены прадметы і дакументы са збораў архіўных і музейных устаноў Беларусі і Літвы, а таксама з прыватных калекцый, у тым ліку з сямейнага архіва нашчадкаў Луцкевічаў. Выстава пачала работу 20 жніўня і будзе працаваць да 11 верасня. Дадатковую інфармацыю па выставе “У народ і край свой толькі веру” можна даведацца на сайце Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, а таксама азнаёміцца з артыкулам А. Рудака, прысвечанага падзеі.

Па матэрыялах Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, штотыднёвай грамадска-асветнiцкая газеты “Культура”