На пачатку сакавіка ў музеі кнігі прайшла цырымонія перадачы ў дар Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі факсімільнага выдання Лаўрышаўскага Евангелля. Кніга ранняга перыяду гісторыі Вялікага Княства Літоўскага была напісана для праваслаўнага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра пад Навагрудкам. Дзякуючы факсімільнаму ўзнаўленню ў кіеўскім выдавецтве “Гарабец” рарытэт стаў даступны масавай аўдыторыі.

img

У цырымоніі перадачы выдання ўдзельнічаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Ігар Кізім, які падкрэсліў важнасць факсімільных перавыданняў для аховы і даследавання культурнай спадчыны і запрасіў Нацыянальную бібліятэку да супрацоўніцтва. Намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аляксандр Суша заўважыў, што многія ўнікальныя кнігі, якія прадстаўляюць каштоўнасць адначасова для Беларусі і Украіны, – добрая глеба для супольных праектаў і абмену вопытам.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел доктар філалагічных навук, навуковы даследчык Лаўрышаўскага Евангелля Віктар Майсіенка, дырэктар выдавецтва “Гарабец” Ганна Гарабец, мецэнат Вольга Скрыпчанка, журналісты і іншыя зацікаўленыя праектам асобы.

img

На сённяшні дзень арыгінал кнігі захоўваецца ў бібліятэцы князёў Чартарыйскіх (Польшча, Кракаў). Лаўрышаўскае Евангелле мае адметнае мастацкае аздабленне: ілюстравана мініяцюрамі, пераплёт упрыгожаны каштоўнымі камянямі і фігурнай металічнай пласцінай з выявай святога воіна (магчыма, князя Войшалка).

Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі