У 2021 годзе адзначаецца сто год з дня заснавання Віленскага беларускага музея імя Івана Луцкевіча, значэнне якога для беларускай культуры цяжка пераацаніць. Іван Луцкевіч, выбітны беларускі дзеяч першай паловы ХХ стагоддзя, перадаў сваю ўласную калекцыю старажытнасцяў Беларускаму навуковаму таварыству ў Вільні, тым самым паклаў пачатак стварэнню музея, які ў сваім зборы меў творы жывапісу, скульптуры, графікі, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, археалагічную, этнаграфічную і нумізматычную калекцыі, адзенне, мэблю, бібліятэку рукапісаў і старадрукаў.

img

За кароткі час свайго існавання, з 1921 да 1945 года, музей стаў цэнтрам беларускага культурнага жыцця Вільні і ўсёй Заходняй Беларусі, гуртаваў вакол сябе дзеячаў нацыянальнага адраджэння міжваеннага перыяду, у музеі арганізоўваліся не толькі экскурсіі, ён таксама выступаў пляцоўкай для правядзення лекцый, творчых сустрэч і адукацыйных праграм.

img

Падзеі Першай і Другой сусветных войнаў прывялі да змен дзяржаўных межаў і палітычных улад, што стала прычынай ліквідацыі музея і падзелу яго калекцыі. Найбольшая частка музейных прадметаў засталася ў Літве. У Беларусь патрапілі нешматлікія прадметы, якія, на думку ліквідацыйнай каміссіі, мелі непасрэднае дачынне да культуры і гісторыі беларускага народа. Але і іх лёс на терыторыі краіны быў дастаткова складаны, паколькі прывезеныя экспанаты не былі належным чынам каталагізаваны.

Вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Моніч правёў вялізарную даследчыцкую працу, каб адшукаць сляды Віленскага музея ў беларускіх зборах. Вынікі гэтага даследвання прадстаўлены ў Нацыянальнм мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь.

img

На сённяшні дзень музейныя прадметы, архіў і бібліятэка Віленскага беларускага музея імя Івана Луцкевіча прадстаўлены ў калекцыях Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь.

img

img

img

Экспанаванне прадметаў музея ім. І. Луцкевіча з беларускай, літоўскай калекцый, а таксама з прыватных збораў праводзілася на тэрыторыі Беларусі і раней, напрыклад, у 2018, 2019 гг. у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адбыліся тэматычныя выставы “Кузня беларускага духу”, Крывіцкая Мека”, “У народ і край свой толькі веру”.

Выстава беларускай калекцыі Віленскага музея імя І. Луцкевіча ў мастацкім музеі мае на мэце пазнаёміць комплексна беларусаў з гісторыяй музея, яго дзейнасцю, лёсам прадметаў з яго фондаў на тэрыторыі Беларусі, таксама са шматлікімі судачыненнямі да такой значнай асобы ў беларускай культуры, як І. Луцкевіч.

img

Выставачны праект дае надзею, што праца па даследванню беларускай калекцыі Віленскага музея працягнецца, магчыма ў перспектыве будзе выдадзены каталог па ўсіх зборах. “Гэта вельмі важная задача, без выканання якой не будзе паўнавартаснага асэнсавання нашай культурнай спадчыны.” (А. Ластоўскі).

Фота і інфармацыйныя матэрыялы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусі, са старонак Дзмітрыя Моніча, Аляксея Ластоўскага, Таццяны Сапега ў сетцы Facebook, А. Гумінскай