Напачатку бягучага 2020 г. у інфармацыйнай беларускай прасторы тэма вяртання культурных каштоўнасцей беларускага паходжання стала даволі актыўна праяўляцца. З’явілася шмат навін з канстатацыяй фактаў вяртання каштоўных артэфактаў, стварэння рэканструяваных, факсімільных копій, што паспрыяла ўзнаўленню абмеркавання розных аспектаў гэтага складанага працэсу ў Беларусі і свеце ўвогуле.

img Фота тэлеканала СТВ

Тэма рэстытуцыі ў Беларусі была ўзнята ў вялікім рэпартажы СТВ «Сярэбраны і залаты ключы ад Магілёва, сані Напалеона. Як вярнуць гісторыка-культурныя каштоўнасці ў Беларусь і хто вінаваты ў іх страце?».

Свой погляд на пытанні, часткова-ўзнятыя ў рэпартажы СТВ, а таксама тэарэтычнага, юрыдычнага і практычнага ракурсу рэстытуцыйнага працэсу з боку Беларусі як на ўзроўні краіны, так у і кантэксце сусветных тэндэнцый, выклаў на ўласнай старонцы ў FB кандыдат сацыялагічных навук Аляксей Ластоўскі. Пост спецыяліста з’явіўся ў выглядзе артыкула на сайце газеты «Наша ніва».

img Фота газеты «Наша ніва»

Напрыканцы лютага з’явіўся грунтоўны артыкул Веры Дзядок «Нямеччына і Францыя вяртаюць культурныя каштоўнасці краінам Афрыкі. Беларусь можа выкарыстаць гэты прэцэдэнт?». У кантэксце сусветных тэндэнцый і тых выпадкаў, што папярэднічаюць стварэнню і замацаванню пэўнай накіраванасці ў замежнай практыцы, Беларусь мае дакладныя перспектывы па вяртанню сваёй культурнай спадчыны. З думкамі экспертаў і навукоўцаў якім чынам і пры якіх умовах гэта магчыма здзейсніць можна пазнаёміцца ў артыкуле.

У агульным руху падзей, перспектыў, намаганняў, разважанняў, абмеркаванняў і іншых складнікаў любога працэсу, ёсць базісныя пытанні, адказы на якія палягаюць у аснову галоўных ідэй, задач і накірункаў дзейнасці: дзеля чаго неабходна вяртаць культурныя каштоўнасці, вывучаць іх, калі патрэбна, алічбоўваць, рабіць дасяжнымі? Тут узгадваюцца словы Алеся Сушы, намесніка дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, кандыдата культуралогіі, у артыкуле газеты «Беларусь сегодня» наконт спадчыны, праўда кніжнай, але іх можна аднесці да ўсіх культурных каштоўнасцей без падзелу па тыпалогіі:«... для грамадства важна не так фізічная прысутнасць кніжных помнікаў у прасторы Беларусі, а іх ментальны, ідэйны вобраз у свядомасці...Шмат важней, ці ёсць цікавасць да гэтай тэмы ў грамадстве…».