У выставачнай зале «LIBRA» 21 мая 2019 года адкрылася выстава работ пад назвай «La Bible» вядомага майстра XX стагоддзя Марка Шагала. Дадзеная серыя ўпершыню дэманструецца ў Беларусі.

img

У складзе экспазіцыі - 64 творы, якія ілюструюць падзеі Старога Запавету. На выставе пануе атмасфера, створаная яркімі шматколернымі літаграфіямі. Работы суправаджаюцца біблейскімі тэкстамі, якія апісваюць кожны канкрэтны сюжэт, што дае магчымасць не толькі атрымаць новыя ўражанні і эмоцыі, але таксама даведацца шмат новага пра творчасць мастака і яго ўспрыманне Святога Пісання.

Важнае месца ў творчасці Шагала займаюць ілюстрацыі да Бібліі, якія майстар пачаў ствараць у 30-я гады, а скончыў ужо пасля другой сусветнай вайны. Шырокая серыя, якая ўбачыла свет пасля доўгіх гадоў карпатлівай працы, дэманструе сапраўды ўнікальнае бачанне мастаком Бібліі. Творы Шагала, акрамя мудрасці і велічы Святога Пісання, месцяць у сябе простую і вечную цеплыню і камернасць асобных біблейскіх аповядаў.

Спецыяльна для стварэння дадзенай серыі твораў мастак авалодаў тэхнікай літаграфіі. Дваццаць чатыры работы з серыі «Вокны Ерусаліма» ўключаны ў экспазіцыю і з'яўляюцца эскізамі вітражоў для сінагогі пры шпіталі ў Ерусаліме.

Працы вядомага суайчынніка даволі рэдка выстаўляюцца ў Беларусі, лічаныя музеі маюць у сваёй калекцыі арыгінальныя творы Марка Шагала. Дадзеная выстава – адна з магчымасцей дакрануцца да нашай спадчыны, важкага складніка агульнаеўрапейскага культурнага працэсу.

Паводле матэрыялаў выставачнай залы «LIBRA»