З 14 па 21 снежня ў музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі працуе выстава «Той самы падарунак да 1000-годдзя». Упершыню ў Мінску шырокай грамадскасці прадстаўлены асобнік знакавага для беларускай культуры друкаванага кніжнага помніка – Берасцейскай Бібліі. Яго вяртанне на тэрыторыю Беларусі адбылося ў 2019 г. – час святкавання тысячагоддзя Берасця. Арыгінал захоўваецца ў фондах музеі гісторыі Брэста. Берасцейская ці Радзівілаўская Біблія – адно з самых прыгожых, дарагіх і маштабных беларускіх выданняў XVI-XIХ стст. Яно пабачыла свет у 1563 г. ў Берасцейскай друкарні Мікалая Радзівіла Чорнага. З часам атрымала сусветную славу і прызнанне як сапраўдны шэдэўр эпохі Адраджэння.

img

У лістападзе 2021 г. асобнік накіраваўся ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі для правядзення экспертызы, алічбоўкі, а таксама часовага экспанавання. З гэтай нагоды намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша адзначыў, што “з самага пачатку ставілася мэта, каб гэты помнік кнігадрукаваня быў уведзены ў навуковы абарот, паказаны шырокай грамадскасці. Таму са згоды кіраўніцтва горада і музея было прапанавана зрабіць адпаведнае экспертнае заключэнне, прааналізаваць змест гэтага шэдэўра, яго асаблівасці і стан захавання…

Набыццё арыгінала не азначае закончаную працу. Істотна не толькі тое, што гэтая спадчына захоўваецца, так бы мовіць «ляжыць фізічна». Бясконца важна, наколькі яна ўвайшла ў грамадскі «кантэкст». І ў гэтым сэнсе каштоўна не толькі набыццё, але і «ажыўленне» кнігі, якой амаль 460 гадоў, далейшае шырокае выкарыстанне для даследчыкаў, культуролагаў, мова- і мастацтвазнаўцаў…Неацэнна, каб гэты асобнік … пачаў працаваць на шырокую аўдыторыю, ствараючы арэол багацця культурных традыцый Берасця. І тут накірункаў, што трэба і можна зрабіць, бясконца шмат. Напрыклад, аналіз і навуковае асэнсаванне, публікацыя навуковых даследаванняў,а таксама стварэнне якаснай электроннай копіі, якую пасля можна будзе шырока выкарыстоўваць, у тым ліку экспанаваць у іншых гарадах, арганізацыя фестываляў, святочных мерапрыемстваў, мастацкіх пленэраў, прысвечаных Мікалаю Радзівілу Чорнаму, экспанаванне гравюр з Бібліі, стварэнне літаратурных твораў, кінафільмаў… Усё гэта ўводзіць матэрыяльны аб’ект у прастору культурных вобразаў, сімвалаў нашых сучаснікаў, фарміруе пасылы для будучага... Набыты асобнік мае вельмі багаты патэнцыял. Тым больш, што ён самы лепшы з тых, што ёсць на Беларусі, і адзін з тых, што найлепш захаваліся ў свеце."

img

Разам са спецыяльна дастаўленым каштоўным артэфактатам у музеі экспануецца каштоўнае факсімільнае выданне Берасцейскай Бібліі, выпушчанае да святкавання 1000-гадовага юбілею горада над Бугам. Над факсіміле працавалі прадстаўнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і выдавецкага дома “Сегмент”. Дакладна ўзноўлены памер, знешні выгляд, рукапісныя надпісы і паметкі і іншыя асаблівасці арыгінала, па старажытных тэхналогіях уручную выкананы спецыяльны пераплёт. Асобнік дапоўнены культуралагічным даследаваннем Аляксандра Сушы “Асэнсаванне шэдэўра”.

img Прэзентацыя факімільнага выдання на мерапрыемстве праекта «Берасцейская Біблія: адкрыты дотык»

img

Інфармацыйныя матэрыялы і фота з сайта Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, газеты «Вечерний Брест»

Дадатковы інфармацыйныя матэрыялы па тэме «Берасцейская Біблія»

Выступленне Алеся Сушы: «Берасцейская Біблія –30 сведчанняў каштоўнасці»