Праект "Вяртанне" распрацаваны ў рамках навукова-даследчай работы на тэму: "Стварыць базу даных і інтэрнэт-партал нацыянальных культурных каштоўнасцей, якія знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь" у адпаведнасці з п.3.26 Пераліку работ па развіццю дзяржаўнай сістэмы навукова-тэхнічнай інфармацыі на 2014-2015 гг., зацвержанага загадам Дзяржаўнага камітэту па навуцы і тэхналогіям Рэспублікі Беларусь ад 14.04.2014 № 122. У выніку даследавання распрацаваны тры аналітычныя запіскі: "Вопыт замежных краін па выяўленню, ідэнтыфікацыі страчаных і перамешчаных культурных каштоўнасцей", "Страчаныя і перамешчаныя каштоўнасці, якія маюць беларускае паходжанне. Аналіз даных і рэкамендацыі па іх ідэнтыфікацыі і магчымаму вяртанню", а таксама "Юрыдычныя падставы вяртання культурных каштоўнасцей, якія знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь". На падставе праведзеных даследаванняў быў створаны Рэестр нацыянальных культурных каштоўнасцей, якія знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь. Гэта адкрыты дакумент, які ў далейшым будзе пастаянна папаўняцца па меры развіцця дзейнасці па ідэнтыфікацыі, дакументаванню і сістэматызацыі даных аб страчаных, перамешчаных і вернутых культурных каштоўнасцей беларускага паходжання. У рэестр на першапачатковым этапе фарміравання было зроблена каля 1500 запісаў аб беларускіх культурных каштоўнасцях, якія знаходзяцца за межамі Беларусі, альбо былі страчаны ў розныя гістарычныя перыяды. Інфармацыя аб гэтых каштоўнасцях рознай паўнаты, паколькі глыбокіх даследаванняў і экспертызы даных па гэтай тэме да сённяшняга дня не праводзілася. Мяркуецца, што гэта будзе зроблена падчас далейшай працы. На сайце размешчаны толькі тыя звесткі, якія былі выяўлены ў працэсе работы грамадскай камісіі "Вяртанне", Межведамаснай камісіі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь па выяўленню, вяртанню і ўвядзенню ў навуковы абарот нацыянальных культурных каштоўнасцей, якія знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь, і абапіраюцца на вызначаныя і дакладныя крыніцы інфармацыі.