Інфармацыйны рэсурс пра вернутыя, перамешчаныя і страчаныя культурныя каштоўнасці беларускага паходжання

Бітва на Нямiзе / Битва на Немиге

Бітва на Нямiзе / Битва на Немиге
Аўтар
Філіповіч Міхась Мацвеевіч (1896–1947) / Филиппович Михаил Матвеевич (1896–1947)
Параметры (ш/в/г мм.)
71 х 141 см
Час стварэння
пачатак 1920-х
Дата вяртання
1947
Катэгорыя
Вернутыя
Від
Выяўленчае мастацтва
Падвід
Жывапіс
Месцазнаходжанне
г. Мінск, Рэспубліка Беларусь
Анатацыя
У карціне выяўлены момант бою полацкай дружыны Усяслава Чарадзея і войска Яраславічаў, які адбыўся 3 сакавіка 1067 года. Менавіта ў апісанні гэтых падзей упершыню ўпамінаецца Мінск/Менеск у “Повести временных лет”, менавіта яны трагедыйна-метафарычна выкладзены ў “Слове аб палку Ігаравым”. Пры стварэнні карціны мастак адмовіўся ад прыёмаў акадэмічнага батальнага жывапісу і распавёў сюжэт больш 800-гадовай даўніны як узрушаны сведка. Мы бачым чалавечую “масу” асоб, пазбаўленых індывідуальнасці, ахопленых запалам бойкі, прагай перамогі. Даследчыкі адзначалі як непрамаляванасць твараў у шматфігурных кампазіцыях М. М. Філіповіча, гэтак і тое, што такая акалічнасць пакідае большую прастору для ўяўлення гледача. Разварочваецца жорсткая падзея на фоне вечнай пяшчотнай прыгажосці прыроды.
Звесткі пра паходжанне, перамешчэнне культурнай каштоўнасці
Гэты твор належыць да першага вядомага нам перыяду прафесійнай творчасці мастака, пачатак якой сам мастак вызначаў 1921 годам. Праца М. М. Філіповіча ў Беларускім дзяржаўным музеі спрыяла яго цікавасці да беларушчыны, развівала яго веды ў галіне нацыянальнай гісторыі і культуры. Але пры тым ён заставаўся перш за ўсё мастаком, заўсёды выяўляючы сэнс праз мастацкія сродкі – кампазіцыю, колер, пластыку. Яго творы канкрэтныя ў сюжэтах, а па змесце і форме – яны як эмацыйны канцэнтрат з’яў і падзей. Паступiў ад аўтара ў Беларускі дзяржаўны музей (№ І–1921/37873/), які ў 1930 быў рэарганізаваны ў Беларускі дзяржаўны сацыяльна-гістарычны музей (новы інв. № 8486). Вывезены з Мінска, відавочна, у 1944 годзе. Паступiў у Дзяржаўны мастацкі музей БССР у 1960 годзе з Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, куды быў вернуты з Германіі (№ 421 па вопісе вернутых твораў, складзеным у 1947–1948). “Акт и опись музейных экспонатов, возвращенных в БССР из Германии” захоўваецца ў Нацыянальным архіве РБ: фонд 790, вопіс 1, справа 69. Акт №30 ад 29.7.1960 аб прыёме на пастаяннае захоўванне. Iнфармацыя прадастаўлена ўстановай “Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь”(2024 г.)