Інфармацыйны рэсурс пра вернутыя, перамешчаныя і страчаныя культурныя каштоўнасці беларускага паходжання

Духаў манастыр / Духов монастырь

Духаў манастыр / Духов монастырь
Аўтар
Філіповіч Міхась Мацвеевіч (1896–1947) / Филиппович Михаил Матвеевич (1896–1947)
Параметры (ш/в/г мм.)
63,3 х 45 см
Час стварэння
1922
Дата вяртання
1947
Катэгорыя
Вернутыя
Від
Выяўленчае мастацтва
Падвід
Жывапіс
Месцазнаходжанне
г. Мінск, Рэспубліка Беларусь
Анатацыя
Філіповіч спалучае ў сваіх гарадскіх пейзажах безумоўную канкрэтнасць і нязмушанасць матыву з акцэнтаваннем скульптурнай выразнасці аб’ектаў. Мянчук, які жыў непадалёк ад цэнтра, у раёне цяперашняй вуліцы Бядулі, вучыўся ў рэальным вучылішчы, якое месцілася ў раёне цяперашняга перакрыжавання праспекта і вуліцы Янкі Купалы, ён ставіўся да архітэктурных “мадэляў” як да добрых знаёмых, выяўляў іх непасрэдна і шчыра, з павагай і піетэтам, але без ідэалізацыі. Таму цяпер мы можам амаль дакладна бачыць, як выглядаў на пачатку 1922 года цэнтральны храм горада Мінска, пасля рэвалюцыйных і ваенных падзей, на фоне веснавога неба – сімвала адраджэння. На адвароце ўверсе фіялетавым: Худ. Филипович; ніжэй сярэдзіны шэрым: Духов монастырь <1>922 март [?]; злева ўнізе амаль сцёртая друкарская наклейка БДМ з рэштай надпісу шэрым: 1922 г.
Звесткі пра паходжанне, перамешчэнне культурнай каштоўнасці
У 1920-я гады мастак увасабляў у розных тэхніках шматлікія віды роднага Мінска, сумяшчаючы заказ і ўласную зацікаўленасць. Выяўляючы аб’екты архітэктуры, велічныя збудаванні ці шараговую забудову, у абліччы помнікаў, як і ў знешнасці чалавека, мастак перадаваў іх гісторыю, лёс, драму. Паступiў ад аўтара ў Беларускі дзяржаўны музей (№ І–1008/370695/), які быў рэарганізаваны ў Беларускі дзяржаўны сацыяльна-гістарычны музей (новы інв. № 2561). У 1939 г. быў перададзены ў Дзяржаўную карцінную галерэю (інв. № Ж-201). Вывезены з Мінска, відавочна, у 1944 годзе. Паступіў у Дзяржаўную карцінную галерэю БССР у 1948 годзе з Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, куды быў вернуты з Германіі (№ 2207 па вопісе вернутых твораў, складзеным у 1947–1948). “Акт и опись музейных экспонатов, возвращенных в БССР из Германии” захоўваецца ў Нацыянальным архіве РБ: фонд 790, вопіс 1, справа 69. Акт № 38 ад 20.03.1948 аб прыёме на пастаяннае захоўванне. Iнфармацыя прадастаўлена ўстановай “Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь”(2024 г.)