Інфармацыйны рэсурс пра вернутыя, перамешчаныя і страчаныя культурныя каштоўнасці беларускага паходжання

Што застаецца пасля...Адам Мальдзіс

10.01.2025

Адам Іосіфавіч Мальдзіс (1932–2022) – выбітны дзеяч беларускай культуры і навукоўца, даследчык праблематыкі беларускай культурнай спадчыны за мяжой, адзін з ініцыятараў і нястомных натхняльнікаў працэсаў рэстытуцыі беларускіх культурных каштоўнасцей, вяртання твораў матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў, чалавек, які нястомна вёў пошук беларускай гісторыка-культурнай спадчыны і вяртаў з забыцця (у тым ліку ў выглядзе копій і публікацый) страчаныя каштоўнасці і імёны Беларусі. 


,

Вядомы беларусіст пакінуў нам багатую спадчыну, якая складаецца не толькі з выдадзенных манаграфій, артыкулаў, але і іншых дакументальных сведчанняў яго даследчай дзейнасціі.

Вельмі дакладна пра значнасць асобы Адама Мальдзіса для беларускай культуры напісаў журналіст Антон Рудак: "Адам Мальдзіс пры жыцці быў сапраўдным захавальнікам і абаронцам нашай гісторыка-культурнай спадчыны, валодаў фенаменальнымі ведамі ў беларусістыцы і натхняў многіх навукоўцаў і творцаў новых пакаленняў на новыя пошукі і даследаванні, многім падказваў новыя ідэі і кірункі для работы па вывучэнні нашай культуры. Дзякуючы багатаму навуковаму ды творчаму даробку, які пакінуў па сабе Адам Іосіфавіч, хочацца спадзявацца, што яго ідэі ды адкрыцці будуць і далей даваць штуршок новым пакаленням літаратуразнаўцаў, гісторыкаў літаратуры і іншых даследчыкаў беларушчыны ў іх будучай дзейнасці. І, вядома, не варта забывацца, што вялікую ўвагу Адам Мальдзіс надаваў выбудове міжнародных даследчыцкіх сувязяў і пошуку за межамі Беларусі дакументаў ды артэфактаў нашай гісторыі і культуры, якія ў розныя часы ў выніку шматлікіх войнаў трапілі ў архіўныя ці музейныя сховішчы іншых краін. Працягваць руплівую працу па выяўленні і вяртанні гэтых аскепкаў беларускай спадчыны далей давядзецца нам."

Адам Іосіфавіч Мальдзіс клапаціўся пра захаванасць і даступнасць нашчадкам да сваёй уласнай спадчыны. У Беларускім дзяржаўным архіве-музе літаратуры і мастацтва ўтрымліваюцца асабістыя дакументы вядомага знаўцы культуры Беларусі, якія ён самаручна перадаваў ва ўстанову. Архіў Адама Іосіфавіча змешчаны ў фондзе № 327.


За сваю плённую і самаадданую працу Адам Мальдзіс у 2013 годдзе быў узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны. У гэты перыяд А.Мальдзіс з’яўляўся супрацоўнікам дзяржаўнай установы адукацыі «Інстытут культуры Беларусі» (цяпер Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў установы адукацыі «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў»).

1.jpg

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнка ўручае А. Мальдзісу ордэн Францыска Скарыны. Мінск, 28 чэрвеня 2013 г.

Фота: Мікалай Пятроў, БелТА, 


Матэрыялы сайта Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, газеты "Культура", сайта "Вяртанне"


Падзяліцца ў
Вярнуцца да спісу навін