Апостал
Аўтар
Спірыдон Собаль
Параметры (ш/в/г мм.)
19 см х 30 см х 6 см
Час стварэння
1632 г.
Катэгорыя
Вернутыя
Від
Кніжныя помнікі
Падвід
Выданні
Месцазнаходжанне
г. Магілёў, Рэспубліка Беларусь
Анатацыя
Кніга “Апостал” – богаслужэбная кніга, якая ўтрымлівае часткі “Новага запавета” – “Дзеянні” і “Пасланні святых апосталаў”.
Першы друкаваны кірылічны “Апостал” быў выдадзены Францыскам Скарынай у 1525 г., пазней яго друкавалі Іван Фёдараў і Пётр Мсціславец у 1563-1564 гг і Іван Фёдараў у 1574 г.
У падрыхтоўцы свайго варыянта выдання Спірыдон Собаль імкнуўся да пераемнасці з выданнем Івана Фёдарава, пра што сведчыць той факт, што адмыслова для гэтага выдання ён набыў арнаментальную дошку, якой карыстаўся Іван Фёдараў, і выкарыстоўваў яе падчас усіх выданняў “Апостала”.
Упершыню Спірыдон Собаль надрукаваў “Апостал” у Кіеве ў 1628 г. Потым у другі раз – у Куцейне альбо ў Буйнічах у 1632 г., і ў Магілёве – у 1638 г.
Дадзены экзэмпляр адносіцца да другога выдання.
Кніга захавалася добра, у поўным аб’ёме. Пашкоджанымі ад выкарыстання з’яўляюцца вуглы аркушаў.
На аркушах маюцца ўласніцкія запісы, адзін з якіх прачытаны даследчыцай, кгн Паўлінай Скурко наступным чынам: **“Сия книга рекомаӕ Ап(о)с(то)лъ свӕщенного || Стефана исъ Саранчукъ Саранчучъкого | купивъ его ѹ ѿца Дороөеӕ игумеӕ игумена || почаіовъского за золотихъ 18 и за повъ гар... | медү патоки || при ѿцү Михаилу ...вецъкум и прочаѧ”**
Звесткі пра паходжанне, перамешчэнне культурнай каштоўнасці
Як вынікае з уласніцкага запісу на старонках кнігі, яна пэўны час належыла пачаеўскаму ігумену Дарафею, а потым была набытая нейкім Стэфанам з Саранчук – цяпер гэта сяло Саранчукі ў Беражанскім раёне Тэрнопальскай вобласці, Украіна.
У 2017 г. кніга набыта музеем гісторыі Магілёва ў прыватнага калекцыянера з г. Кіева, Украіна, за кошт бюджэтнага фінансавання.
Сучаснае месцазнаходжанне культурнай каштоўнасці – Музей гісторыі Магілёва.
**_Інфармацыя прадастаўлена музеем гісторыі Магілёва (2020 г.)_**

