Інфармацыйны рэсурс пра вернутыя, перамешчаныя і страчаныя культурныя каштоўнасці беларускага паходжання

Жухавіцкае Евангелле

Жухавіцкае Евангелле
Аўтар
Аўтар невядомы
Параметры (ш/в/г мм.)
Агульная колькасць лістоў рукапісу - 360
Час стварэння
першая палова XVI ст.
Катэгорыя
Перамешчаныя
Від
Кніжныя помнікі
Падвід
Рукапісы
Месцазнаходжанне
г. Вільнюс, Літоўская Рэспубліка
Анатацыя
Жухавіцкае Евангелля адносіцца да ліку каштоўных помнікаў кніжнай культуры XVI ст. Фармат рукапісу in folio, тэкст напісаны на царкоўнаславянскай мове з беларускімі асаблівасцямі, графічны тып пісьма – устаў, мае мініяцюры з выявамі евангелістаў.
Звесткі пра паходжанне, перамешчэнне культурнай каштоўнасці
Месца стварэння рукапісу невядома (па вадзяных знаках рукапісу яго можна датаваць папярэдне 40-мі гадамі XVI ст.). Можна меркаваць, што рукапіс быў створаны для царквы ў с. Жухавічы, якое вядома з XVI ст. Маёнтак Жухавічы, на р. Уша, напрыканцы 1512 г. Аляксандр Іванавіч Хадкевіч прадаў берасцейскаму старасце, маршалку, лідскаму дзяржаўцу Юрыю Іванавічу Іллінічу. У 1568 г. граф Юрый Іванавіч Іллініч (пам. 1569) аформіў дамову з Мікалаем Крыштафам Радзівілам Сіроткам аб пераходзе рухомай маёмасці, у тым ліку двара Жухавічы, ва ўладанні Сіроткі пасля смерці Юрыя. Сіротка стаў уладальнікам гэтага двара ў 1569 г. Згодна з запісам, які захаваўся на л. 1а рукапісу Евангелля –«Niech bendzie pochwalony Jezus Chrystus na wieki wiekow. Amen. Oprawiona ta xienga w rok 1733 dnia dwunastego octobra do cerkwi Mało Zuchowickiej Jozef Antoni Łuckiewicz», у кастрычніку 1733 г. рукапіс знаходзіўся ў царкве с. Малыя Жухавічы. Сярод маёмасці царквы Св. Іаана Хрысціцеля ў с. Малыя Жухавічы сярод кніг мелася два Евангелля: «ewangelia Ruska i Polska». Указанае «Рускае Евангелле» гэта відавочна і ёсць рукапіс. Невядомы час перамяшчэння рукапісу ў Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча (дзейнічаў у 1921–1945), у якім рукапіс Евангелля быў памылкова датаваны XIV ст. У Бібліятэцы імя Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук рукапіс аказаўся не пазней за 1947 г., калі былі пакінутыя датаваныя запісы супрацоўнікаў бібліятэкі «Inveentorizavo J. Minius Vilnius, 1947.III.3» (л. 249 аб.) і «Inventorizavo Jonas Minius 1947. .3» (фарзацны ліст). Напачатку 2022 г. пасля працяглай папярэдняй падрыхтоўчай працы музей “Замкавы комплекс “Мір” атрымаў алічбаваныя старонкі Жухавіцкага Евангелля з фондаў Бібліятэкі імя Урублеўскіх Літоўскай акадэміі для яго далейшага факсімільнага выдання. Выявы старонак старажытнага помніка беларускага пісьменства XVI ст. будуць прадастаўлены для іх публікацыі на сайце пасля выхаду факсімільнага выдання. Матэрыялы прадастаўлены ўстановай "Музей "Замкавы комплекс "Мір" (2023 г.)