Арыгінальныя артэфакты і лічбавыя копіі складнікаў спадчыны народнага паэта Я.Купалы
З моманту заснавання і па сённяшнні дзень дзейнасць Літаратурнага музея Янкі Купалы скіравана на стварэнне пастаяннага музейнага фонду, фарміраванне экспазіцый і выставак, складанне бібліяграфічных даведнікаў. Дзякуючы навукова-даследчай рабоце, становіцца вядома аб рукапісах, выданнях твораў розных гадоў, шматлікіх фотаздымках і іншых сведчаннях жыцця і творчасці Янкі Купалы, якія захоўваюцца за межамі Беларусі. Рэстытуцыя каштоўнасцей, звязаных з народным паэтам Беларусі, з’яўляецца наступным крокам вяртання культурнай спадчыны беларусам, якое мае шматлікія сучасныя формы.
За двухгадовы перяд (2017-2018 гг.) кіраўніцтвам музея заключаны дамовы аб супрацоўніцтве з замежнымі музеямі і арганізацыямі, у фондах якіх утрымліваюцца культурныя каштоўнасці, звязаныя з народным паэтам Янкам Купалам. Сярод іх, Аб’яднанне Мемарыяльных музеяў (г. Рыга, Латвійская Рэспубліка), Шаўчэнкаўскі нацыянальны запаведнік (г. Канеў, Украіна), Літоўскі музей тэатра, музыкі і кіно (г. Вільнюс, Літоўская Рэспубліка), Літоўскі архіў літаратуры і мастацтва, грамадская арганізацыя “Беларускі музей імя Івана Луцкевіча” (г. Вільнюс, Літоўская Рэспубліка). Дамовы прадугледжваюць як абмен выстаўкамі, так і перадачу электронных копій аўтографаў, рукапісаў, дакументаў Янкі Купалы, што знаходзяцца за мяжой.
За 2017-2018 гг. на пляцоўках Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы ажыццёўлены міжнародныя выставачныя праекты, падчас якіх экспанаваліся рукапісы (у тым ліку арыгінальныя аўтографы Янкі Купалы), дакументы, фатаграфіі, выданні, творы мастацтва, асабістыя рэчы, якія маюць непасрэднае дачыненне да гісторыі беларускага нацыянальнага адраджэння, працэсаў фарміравання і развіцця беларускай нацыянальнай культуры ў першай палове ХХ ст., якія захоўваюцца ў зборах замежных архіваў, музеяў, устаноў культуры, грамадскіх арганізацый, у сямейных архівах і прыватных калекцыях. Сярод шэрагу акцый можна вылучыць выставачны праект “Беларускай песні ўладар”, прысвечаны 135 годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і здзейснены сумесна з Літоўскім архівам літаратуры і мастацтва на аснове арыгінальных аўтографаў Янкі Купалы (экспанаваліся і былі ўпершыню ўведзены ў навуковы ўжытак 14 рукапісаў, якія захоўваюцца Літоўскім архіве літаратуры і мастацтва (г. Вільнюс)).

Можна вызначыць і выставачныя праекты музея і ГА “Беларускі музей імя Івана Луцкевіча”(г. Вільнюс) пад назвамі “Кузьня беларускага духу”, прысвечаны традыцыям беларускага школьніцтва, і “Крывіцкая Мекка” у кантэксце тэмы “Вільня як цэнтр беларускай культуры і нацыянальнага адраджэння”. Падчас выстаў экспанаваліся і былі ўведзены ў навуковы ўжытак каля 125 фатаграфій, кніг і дакументаў, якія захоўваюцца ГА “Беларускі музей імя Івана Луцкевіча” (г. Вільнюс). Напрыканцы 2017 г. 6 кніг з аўтографамі Янкі Купалы экспанаваліся падчас міжнароднага выставачнага праекта “Два Яны”, прысвечанага нацыянальным паэтам Беларусі і Латвіі Янку Купалу і Яну Райнісу. Выстава была арганізавана сумесна з Музеем Райніса і Аспазіі (г. Рыга) ў рамках супрацоўніцтва з Аб’яднаннем мемарыяльных музеяў Латвіі.
У Беларускай бібліятэцы і музеі імя Ф. Скарыны ў Лондане знаходзяцца чатыры рукапісы Янкі Купалы – паэмы “Курган”, вершаў “Памяці Вінцука Марцінкевіча”, “Роднае слова”, “Хаўруснікам”. Каляровыя ксеракопіі гэтых рукапісаў былі перададзены Аляксандрам Надсанам ў фонды Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. Аднак, улічваючы час панавання новых інфармацыйных тэхналогій, музей плануе мець якасныя электронныя копіі вышэйназваных рукапісаў, дзеля чаго ўжо зроблены пэўныя крокі. У планы музея ўваходзіць і атрыманне электронных копій 14 рукапісаў (аўтографы Янкі Купалы) з Літоўскага архіва літаратуры і мастацтва (г. Вільнюс).
Па матэрыялах Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь
Фота са старонкі
http://kupala-museum.by/navini/belaruskay-pesni-uladar.html#more-2584

