Каштоўнае, перамешчанае, вернутае.
5 чэрвеня 2024 года ў дзвюх залах трэцяга паверха выставачнага корпуса Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь (г. Мінск, вул. К. Маркса, 24) адкрылася знамянальная выстава “Ю. Пэн, Я. Кругер. Мастацкія школы Беларусі”.
Юдэль (Юрый; Мойшавіч; Юрый Майсеевіч; Іегуда) Пэн (1854–1937) і Янкель (Якаў Маркавіч) Кругер (1869–1940) – самыя вядомыя віцебскі і мінскі педагогі перадрэвалюцыйнай Беларусі ў перыяд адсутнасці тут дзяржаўных мастацкіх навучальных устаноў. Уяўляе немалую цікавасць як іх уласная творчасць, так і педагагічная дзейнасць, якая дала першапачатковую падрыхтоўку мноству будучых сталых майстроў.
У першай частцы экспазіцыі прадстаўлены жывапісныя і графічныя творы мастакоў-рэалістаў, педагогаў Юдэля Пэна і Якава Кругера, у другой – творы вучняў Пэна: Марка Шагала, Восіпа Цадкіна, Заіра Азгура, Міхаіла Куніна, Давіда Якерсона, Лазара Рана, Льва Лейтмана, Яфіма Раяка, Міхаіла Райхеля, Саламона Гершова, Алены Кабішэр-Якерсон, Льва Зевіна, Меера Аксельрода, Ісака Бароўскага, Саламона Юдовіна, Пятра Явіча, Льва Дамінскага, Пятра Занкевіча, і вучняў Кругера: Івана Ахрэмчыка, Міхаіла (Мішэля) Кікоіна, Вячаслава Руцая, Міхаіла Станюты, Ісака Мільчына са збораў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і Віцебскага абласнога краязнаўчага музея.
Зямное жыццё абодвух майстроў завяршылася ў перадваеннае дзесяцігоддзе. У Віцебску ў 1939 годзе адкрылася “Дзяржаўная карцінная галерэя імя Ю.М. Пэна”, дзе былі сканцэнтраваны сотні работ майстра, які рэдка прадаваў свае творы. Спадчына Ю.М. Кругера знаходзілася пераважна ў сям’і мастака. Шэраг твораў абодвух мастакоў належаў і іншым музейным зборам Віцебска і Мінска.
У чэрвені 1941 года ў вышэйзгаданай віцебскай галерэі адкрылася выстава Пэна, Кругера і менскага мастака Льва (Лейбы) Альпяровіча – як трох найстарэйшых мастакоў Беларусі. На ёй было прадстаўлена больш за 100 палотнаў і малюнкаў, што пазначана ў нататцы ад 12 чэрвеня ў газеце “Віцебскі рабочы”. Калі пачалася вайна, Віцебск быў заняты акупацыйнымі войскамі 11 ліпеня 1941 года. Да гэтага часу супрацоўнікам віцебскіх музеяў удалося эвакуіраваць шэраг экспанатаў, у тым ліку творы Ю.М. Пэна і яго са-экспанентаў. Відавочна, толькі, дзякуючы гэтай акалічнасці, ў такой колькасці захаваліся працы гэтых майстроў – у адрозненне ад твораў большасці беларускіх мастакоў даваеннага перыяду.
У гады вайны работы з Дзяржаўнай карціннай галерэі Ю.М. Пэна знаходзіліся ў Саратаўскім мастацкім музеі імя А.М. Радзішчава, адкуль асобныя экзэмпляры былі вернуты ўжо ў канцы 1943 года – у Маскву, на выставу, прысвечаную 25-годдзю БССР, адкрытую ў канцы студзеня 1944 года ў Траццякоўскай галерэі. У 1945 годзе гэтая выстава, у крыху трансфармаваным выглядзе, дэманстравалася ўжо ў Мінску. Напрыклад, у каталог тых выстаў увайшлі “Партрэт дачкі”, “Аўтапартрэт у чырвоным берэце” і “Партрэт І. Жухавіцкага” Я.М. Кругера, якія можна бачыць і на цяперашняй выставе.
Станюта Міхаіл Пятровіч (1881—1974).Партрэт дачкі (1923)
Зараз у калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея знаходзіцца 12 дакладных жывапісных твораў Я.М. Кругера (разам з графікай – большая частка цяпер вядомай спадчыны мастака); 9 з іх – творы, рээвакуяваныя з Саратава (8 з якіх прадстаўлены на цяперашняй выставе) і два – былі вывезены ў гады вайны з г. Мінска ў Германію і вернуты ў БССР у 1948 і 1965 гадах (“Партрэт ударніка мінскага завода “Ударнік”) і «Партрэт пісьменніка Мендэле Мойхер-Сфорыма», таксама зараз экспануюцца на выставе). З 10 графічных твораў Я.М. Кругера, якія знаходзяцца ў калекцыі музея, 9 – рээвакуіраваныя з Саратава (на выставе паказаны 8), адна – набыта ў 1971 годзе (“Партрэт дзяўчынкі”).
Кругер Янкель Мордухавіч (1869–1940). Апошні прамень. Аўтапартрэт (1931).
Кругер Янкель Мордухавіч (1869–1940). Партрэт Пальміры Любаміраўны Мрачкоўскай, мінскай мастачкі (1914).
Асноўная маса работ Ю.М. Пэна і яго са-экспанентаў была рээвакуіравана з Саратава ў Віцебск у 1946 годзе. Але галерэя ў Віцебску тады адноўлена не была, і каля 200 работ мастака, якія вярнуліся, перавезлі ў Мінск, у Дзяржаўную карцінную галерэю. З гэтай колькасці каля 20 твораў былі перададзены Віцебскаму абласному краязнаўчаму музею назад у 1960 і 1967 гадах. А асноўнае вяртанне адбылося ў 1992 годзе, калі 137 жывапісных і 15 графічных работ Ю.М. Пэна вярнуліся з Мінска на радзіму, у Віцебск.
Цяпер у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь захоўваюцца 29 жывапісных і 7 графічных дакладных работ Пэна. З іх 22 жывапісныя і 6 графічных твораў паходзяць з віцебскай галерэі імя Ю. Пэна і былі рээвакуіраваны з Саратава, астатнія 8 – трапілі ў Нацыянальны мастацкі музей іншымі шляхамі. На выставе “Ю. Пэн, Я. Кругер. Мастацкія школы Беларусі” прадстаўлены тры жывапісныя (“Ля брамкі”, “Абрыў”, “Кравец”) і адна графічная работа (“Каўказец”) са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, усе яны – “віцебска-саратаўскага” паходжання.
Пэн Юдэль Моўшавіч (1854-1937). Абрыў (1915).
Пэн Юдэль Моўшавіч (1854-1937). Кравец (1926).
Таксама ў экспазіцыю выставы ўвайшлі 24 творы Ю.М. Пэна са збору Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, тры з якіх былі набыты ў 1972 і 1987 гадах, астатнія таксама адносяцца да твораў, рээвакуіраваных з Саратава.
З работ іншых мастакоў, прадстаўленых на выставе, за межы краіны ў гады вайны былі вывезены з мінскіх музейных збораў творы Міхаіла Куніна (“Мастацтва камуны”), Міхаіла Станюты (“Партрэт дачкі”), Ісака Мільчына (“Пахаванне ў мястэчку”), Вячаслава Руцая ( “Аўтапартрэт”). Яны былі вернуты ў Беларусь у 1948 і 1957 гадах.
Мільчын Ісаак Іосіфавіч (1894–1941(?)). Пахаванне ў мястэчку (1927).
Руцай Вячаслаў Мікалаевіч (1905–1982). Аўтапартрэт (1929).
Варта адзначыць, што многія творы спачатку паступалі ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і толькі потым перадаваліся ў калекцыю Мастацкага музея.
З творамі вядомых мастакоў з беларускіх даваенных музейных збораў, якія належалі мінскай карціннай галерэі і віцебскай карціннай галерэі імя Ю.М. Пэна, можна пазнаёміцца да 18 жніўня 2024 года.
Інфармацыйныя матэрыялы прадастаўлены ДУ “Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь”