Інфармацыйны рэсурс пра вернутыя, перамешчаныя і страчаныя культурныя каштоўнасці беларускага паходжання
У музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі працуе выстава “Кніжныя здабыткі”. У экспазіцыі прадстаўлены помнікі кніжна-пісьмовай культуры, якія паступілі ў бібліятэчны фонд на працягу 2023 года.
У мінулым годзе кнігазбор Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі рознымі спосабамі папоўніўся шэрагам помнікаў айчыннай і еўрапейскай кніжнай культуры. Сярод іх – экзэмпляры старадрукаў і рэдкіх выданняў, перададзеныя ў дар, а таксама ўнікальныя дакументы і выданні ХІХ–ХХ ст., набытыя за бюджэтныя сродкі.
Сярод здабыткаў можна ўзгадаць два каштоўныя выданні канца ХVIII – XIX ст. з бібліятэкі Храптовічаў, найбагацейшага кніжнага збору другой паловы XVIII – пачатку ХХ ст. У базе даных інтэрнэт-партала “Вяртанне” змешчана інфармацыя пра дзеныя кнігі, якія прысвечаны падзеям, звязанымі з вядомымі гістарычнымі асобамі – першым імператарам Расійскай імперыі Пятром І і англійскім палкаводцам і палітычным дзеячом Джонам Чэрчылем, герцагам Мальбара.
Перадача каштоўных артэфактоў у нашу краіну з Германіі адбылася пры садзейнічанні дыпламатычнага прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь ў ФРГ.

Значнымі падарункамі таксама сталі два стараверскія выданні – “Часоўнік” і “Псалтыр”, выпушчаныя ў магілёўскай друкарні ў 30-я гады XVIIІ ст.; каштоўны картаграфічны дакумент – план маёнтка Горватаў у Нароўлі, выкананы ў 1889 г.; рукапіс беларуска-татарскага паходжання хамаіл другой паловы ХІХ – пачатку ХХ ст., першы рыфмаваны Псалтыр на царкоўнаславянскай мове – маскоўскае выданне 1680 года “Псалтыра рыфмаванага” асветніка Сімяона Полацкага, унікальная крыніца айчыннай гісторыі – камплект рэдкага перыядычнага выдання “Гродзенскія губернскія ведамасці” з дадаткамі 1840-х гадоў і іншыя асобныя нумары перыядычных выданняў ХІХ–ХХ стст.
Асобны тэматычны комплекс складаюць сучасныя выданні, сярод якіх – высакаякаснае факсіміле помніка літаратуры, славянскай культуры і кніжнага мастацтва “Біблія Матфея Дзясятага 1507 года”, арыгінал якога захоўваецца ў Бібліятэцы Расійскай акадэміі навук (г. Санкт-Пецярбург), і інш.
Выставачнай экспазіцыі прысвечаны адзін з рэпартажаў тэлеканала “Беларусь 1”, які можна праглядзець тут.
Работа выставы запланавана да 31 студзеня 2024 г.
_Паводле матэрыялаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, інтэрэт-партала "Вяртанне"_

