Мастацкая прастора мястэчка Смілавічы
Прастора невялікага па памеру гарадскага пасёлка Смілавічы, які знаходзіцца прыкладна ў 27 км ад Мінску, напоўнена вельмі значнымі для гісторыі і культуры Беларусі каштоўнымі складнікамі.
Тут гарманічна суіснуе мастацтва ХІХ і ХХ стагоддзяў, прадстаўленае творчасцю Станіслава Манюшкі, Хаіма Суціна, Шрагі Царфіна. Кожны з іх рознымі шляхамі ў розныя часы быў “вернуты” у культурную прастору беларусаў.
Аматарскі школьны музей адкрыты ў 1969 г. у пасёлку Азёрны Чэрвеньскага раёна, на радзіме кампазітара, як прастора памяці стваральніка беларускай і польскай нацыянальнай оперы, класіка вакальнай лірыкі, заснавальніка беларускага і польскага песеннага мастацтва Станіслава Манюшкі з цягам часу ператварыўся ў сапраўдную культурную пляцоўку. Зараз тут месціцца музейная экспазіцыя “Музычная гасцёўня Станіслава Манюшкі”, напоўненая рознымі экспанатамі, якія ствараюць уяўленне аб тагачасным жыцці кампазітара. Сярод іх ёсць арыгінальныя артэфакты, а таксама копіі дакументаў, арыгіналы якіх знаходзяцца за межамі нашай краіны.


Сёння ў Смілавічах працуе і музей «Прастора Хаіма Суціна» у мясцовым Цэнтры дзіцячай творчасці, які пачаў сваю дзейнасць у 2008 г.
Хаім Суцін, вядомы прадстаўнік Парыжскай мастацкай школы, ў мястэчку Смілавічы нарадзіўся і пэўны час жыў. Экспазіцыя, у якой змешчаны копіі прац мастака, распавядае пра жыццё і творчасць майстра.


Арыгінальныя творы, якія трапілі на тэрыторыю Беларусі, пачынаючы з 2012 г., можна ўбачыць у галерэі “Арт-Беларусь”. У калекцыі прадстаўлены карціны «Ева» (1928 г.) і «Вялікія лугі ў Шартры, каля віядука» (1934 г.), якія змешчаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Карціна «Заснулая чытачка, Мадлен Кастэн» (1937 г.) была набыта ў 2018 г. на аўкцыёне ў Лондане і з тых часоў экспануецца ў галерэі.
Творчая спадчына вядомага мастака з беларускімім каранямі знаходзіцца ў розных краінах свету: музеях, галерэях, прыватных калекцыях.
2015 год стаў годам адкрыцця імя Шрагі Царфіна, сябра і земляка Суціна, яшчэ аднаго вядомага прадстаўніка Парыжскай школы, ураджэнца Смілавіч.
У музеі ёсць зала прысвечаная творчасці Шрагі Царфіна, ў якой прадстаўлены ў тым ліку арыгінальныя работы мастака. У 2013 годзе іх падарыла музею Ліліян Дзюлак-Царфін, дачка мастака. Наведвальнікі маюць магчымасць таксама ўбачыць палітру Царфіна, узоры тканін, выкананых па яго эскізах.


Работы Царфіна знаходзяцца сёння ў музеях і прыватных калекцыях многіх краін свету, у тым ліку і ў Нацыянальным мастацкім музеі.
Паводле ДУ "Чэрвеньскі раённы краязнаўчы музей", ДУ “Нацыянальная бібліятэка Беларусі”, музея «Пространство Хаима Сутина», галерэі “Арт-Беларусь”

