Новыя імёны беларускай культурнай спадчыны
Адна з важных падзей у кантэксце сумеснага выкарыстання, а таксама ўвядзення ў навуковы і культурны абарот культурных каштоўнасцей, якія маюць дачыненне да беларускай культуры, адбылася напрыканцы студзеня 2020 г. У музеі гісторыі беларускай літаратуры шырокаму колу наведвальнікаў прадстаўлены рэканструяваныя лісты першай гравіраванай Бібліі для народа ў малюнках, створанай у XVII ст. майстрам-разьбяром па дрэве Васілём Коранем з мястэчка Дуброўна (цяпер горад у Віцебскай вобл.).
Гэта кніга – адзін з першых твораў лубачных гісторый пра стварэнне свету, зроблены па аналогіі з узорамі заходніх «Біблій жабракоў». Стваралася майстрам на працягу 1692-1696 гг. у Маскве, дзе ён працаваў разам з іншымі выдатнымі майстрамі беларускага паходжання, якія аздаблялі Гранавітую палату Маскоўскага Крамля, працавалі ў Збройнай, Залатой і Срэбранай палатах, іншых месцах Масквы.
На сённяшні дзень навукоўцы дакладна не ведаюць якім накладам Васіль Корань мог выдаць сваю Біблію. Ёсць меркаванні пра 1000 асобнікаў, або толькі некалькі, а ёсць спецыялісты, якія свярджаюць, што асобнік быў адзінкавы. Зараз вядомы адзіны часткова ацалелы арыгінал, які сёння захоўваецца ў Аддзеле рэдкай кнігі Расійскай Нацыянальнай бібліятэкі ў Санкт-Пецярбургу. Кампазіцыя дадзенага асобніка складаецца з 36 аркушаў размаляваных гравюр з подпісамі на сюжэты з Кнігі Быцця (20 аркушаў) і Апакаліпсісу (16 аркушаў). Біблія не мае ні тытульнага аркуша, ні выходных дадзеных.
Паводле звестак супрацоўнікаў Музея гісторыі прыватнага калекцыянавання гісторык мастацтва і калекцыянер, выдатны даследчык гравюры і лубка Дзмітрый Равінскі ўвёў Біблію Васіля Кораня ў гісторыю мастацтва напрыканцы XIX стагоддзя. Аднак сапраўдным адкрывальнікам імя Васіля Кораня і першым даследчыкам яго творчасці стала мастацтвазнаўца Антаніна Георгіеўна Саковіч, адзін з найбуйнейшых у Расіі спецыялістаў у галіне рускай народнай карцінкі і рускай гравюры. Яна даследавала Біблію Васіля Кораня, і змясціла яе факсіміле ў выданні «Народная гравіраваныя кніга Васіля Кораня 1692 — 1696», якое пабачыла свет у 1983 г. у маскоўскім выдавецтве «Мастацтва». А. Г. Саковіч апублікавала першыя біяграфічныя звесткі пра Васіля Кораня, яго сына Аляксея і ўпершыню ўзгадала, што майстар паходзіць з мястэчка Дуброўна.
Справу мастацтвазнаўцы працягнуў заснавальнік сучаснага расійскага лубка, кіраўнік Акадэміі народнага мастацтва. Віктар Пензін На працягу 10 год ён узначальваў праект па рэканструкцыі Бібліі В. Кораня. У выніку зараз адноўленыя асобнікі Бібліі ёсць у музеях у Ватыкане, Мексіцы, Гіспаніі, Расіі (у Эрмітажы і Траццякоўскай галерэі). Копіі Бібліі ўручаліся Папу Рымскаму Яну Паўлу ІІ, Экзарху Беларусі – Мітрапаліту Мінскаму і Слуцкаму Філарэту, Патрыярху Кірылу.

Рэканструяваная Біблія была прадстаўлена на тэрыторыі Беларусі ў 2019 г. у г. Віцебску, а таксама на радзіме майстра ў г. Дуброўна, дзе перададзена на пастаяннае захоўванне разам з рэканструяванымі лубкамі XVII — XVIII стст. у музейны фонд Дубровенскага раёна. Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры таксама цяпер мае асобнік рэканструяванай Бібліі, як і прысвечаныя даследаванню творчасці В.Кораня выданні А. Г. Саковіч, якая параіла шукаць адзін з асобнікаў Бібліі Васіля Кораня на тэрыторыі Беларусі.
Паводле матэрыялаў
са старонкі FB дырэктара музея гісторыі беларускай літаратуры Міхаіла Рыбакова
Фота

