Вынікі работы па вяртанню культурных каштоўнасцей беларускага паходжання за першую палову 2024 года і перспектывы надалей
24 верасня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прайшло пасяджэнне Камісіі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь па выяўленню, вяртанню, сумеснаму выкарыстанню і ўвядзенню ў навуковы і культурны абарот культурных каштоўнасцей, якія знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь.
Пасяджэнне правялі сустаршыні Камісіі – намеснік Міністра культуры Рэспублікі Беларусь Сяргей Саракач і намеснік Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Юрый Амбразевіч.
З прывітальным словам выступіў С.Саракач, ён праінфармаваў членаў Камісіі аб дзейнасці Міністэрства культуры па дадзенаму напрамку ў 1-ым паўгоддзі 2024 года.
Падчас пасяджэння Ю.Амбразевіч паведаміў аб арганізацыі Міністэрствам замежных спраў кансультацый па вяртанню культурных каштоўнасцей беларускага паходжання з вядучымі расійскімі спецыялістамі па пытаннях рэпатрыяцыі культурных каштоўнасцей, перамешчаных у гады Вялікай Айчыннай вайны.
У межах пасяджэння былі абмеркаваны вынікі работы па розных напрамках дзейнасці ў галіне вяртання культурных каштоўнасцей. Так, з дакладам аб рабоце Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь па вяртанню культурных каштоўнасцей з-за мяжы выступіла першы намеснік генеральнага дырэктара па навуковай, міжнароднай і асветніцкай рабоце В.Кузьміна, аб складанні пераліку страчаных у гады Вялікай Айчыннай вайны культурных каштоўнасцей і распрацоўцы методыкі іх ацэнкі расказаў дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь А.Храмы.
Прадстаўнікі архіўнага кірунку дзейнасці па вяртанню беларускіх каштоўнасцей таксама прадставілі вынікі сваёй работы. Намеснік дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь А.Цвяткоў паведаміў аб ходзе работы архіўнай галіны па арганізацыі збору інфармацыі, у тым ліку архіўных дакументаў, звестак, даных, сведчанняў відавочцаў, публікацый кніжных выданняў і артыкулаў у СМІ па тэматыцы Другой сусветнай вайны. Кіраўнік Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей — БДАМЛМ) А.Макарэнка прадставіла даклад «Праца Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва па вяртанню культурных каштоўнасцяў у 2023 — першай палове 2024 г.», дзе распавяла пра ўклад БДАМЛД у выяўленне, вяртанне і ўвядзенне ў навуковы абарот дакументаў па гісторыі літаратуры і культуры Беларусі з-за мяжы.
Паводле матэрыялаў тэлеграмм канала Міністэрства кульуры Рэспублікі Беларусь, сайта "Архівы Беларусі".