Выстава “Страты і вяртанні. Лёс мастацкіх каштоўнасцей Дзяржаўнай карціннай галерэі. 1939–1957”
Першая мастацкая галерэя ў БССР па вул. К. Маркса, 29 прапрацавала каля двух гадоў. Было сабрана больш за 3 тысячы твораў мастацтва. За гэты перыяд яе невялікі калектыў на чале з мастаком-керамістам М.П. Міхалапам паспеў падрыхтаваць чатыры выстаўкі, стварыў экспазіцыі ў 25 залах, арганізаваў збор экспанатаў па ўсёй Беларусі. Дапамогу ў стварэнні Галерэі аказвалі як цэнтральныя музеі Расіі – Масквы і Ленінграда, рэгіянальныя музеі Віцебска, Магілёва і Гомеля, Саюз мастакоў СССР і БССР, так і асобныя мастакі, народныя майстры і прыватныя асобы.
Галерэя стваралася ў кароткія тэрміны. У 1939 годзе яе фонды папоўніліся нацыяналізаванымі скарбамі магнацкіх палацаў і сядзіб Заходняй Беларусі. Далейшыя планы па пашырэнні экспазіцый, каталагізацыі фондаў, стварэнні даведніка па галерэі і асобных манаграфій перапыніла вайна. Эвакуацыя калекцыі Карціннай галерэі ва ўмовах масіраваных бамбардзіровак Мінска аказалася немагчымай. Пакідаючы палаючы горад, супрацоўнікі Галерэі спадзяваліся на хуткае вяртанне.
28 чэрвеня, калі Мінск быў заняты войскамі вермахта, пачалося разрабаванне Галерэі, будынак якой быў аддадзены пад камендатуру і пастой нямецкіх афіцэраў. Экспанаты музея вывозіліся спачатку бескантрольна, потым планамерна ў нямецкія гарады – Кёнігсберг, Франкфурт-на-Майне, Мюнхен і інш.
Згодна з Вопісам страт, складзеным пасля вызвалення Мінска ў 1944 годзе, Галерэя пазбавілася 223 твораў рускага і 32 – заходнееўрапейскага жывапісу, мэблі з «Сіняй спальні» Аляксандра II у Зімовым палацы, 60 абразоў XVI–XVIII стагоддзяў, 89 твораў скульптуры, 480 прадметаў рускага і 800 – заходнееўрапейскага фарфору, 30 прадметаў старажытнага ўрэцкага шкла, 200 “посцілак” ручной працы беларускіх ткачых, сотняў твораў беларускіх мастакоў канца XIX – пачатку XX стагоддзя.
Гісторыя даваеннай Галерэі ўдакладнена і дапоўнена новымі звесткамі. Самы драматычны год існавання музея – 1941 – пададзены як «зала-інтэр’ер», своеасаблівая інсталяцыя моманту разрабавання.
Усяго збор Дзяржаўнай карціннай галерэі на 1941 год налічваў, па звестках з прэсы, 3300 адзінак захоўвання. З іх у вопісе таго, што вярнулася са штампам Карціннай галерэі ў 1948 годзе, былі ідэнтыфікаваныя ўсяго 153 творы. Аднак вяртанне з розных крыніц праходзіла каля паўстагоддзя: з 1948 года, калі ў Мінск з Мюнхенскага цэнтральнага сховішча прыйшлі два вагоны з вывезенымі каштоўнасцямі, да 1998 года, калі з музея Вялікай Айчыннай вайны, дзе захоўваліся некаторыя музейныя прадметы, паступіў апошні твор – “За дровамі” Аляксандра Шаўчэнкі.
Цяпер у зборы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь налічваецца больш за 400 экспанатаў з даваенных збораў. На жаль, не ўцалелі ўліковыя дакументы Галерэі, і ідэнтыфікацыя такіх твораў вядзецца па ўскосных крыніцах – каталогах выставак, актах перадачы з іншых музеяў, успамінах супрацоўнікаў і інш. Па прыблізным падліку, вярнулася толькі адна восьмая частка калекцыі, лёс амаль 3000 твораў застаецца невядомым.
Выстаўка ахоплівае перыяд з 1939 па 1957 год. Яна паказвае гісторыю фарміравання і кароткачасовую, але вельмі прадуктыўную дзейнасць Дзяржаўнай карціннай галерэі ў Мінску (1939–1941), трагічны факт яе разрабавання і вывазу каштоўнасцей (1941–1944), гісторыю стварэння новага будынка музея па вул. Леніна, 20 (1957).
Трагічныя старонкі страт (1941–1944) змяніў этап гераічнага аднаўлення ў пасляваенны час пад кіраўніцтвам легендарнага дырэктара А.В. Аладавай, якая ініцыявала ў 1949 годзе ўзвядзенне новага будынка для Галерэі (архітэктар М. Бакланаў). Да 1957 года, калі з’явіўся новы будынак па вул. Леніна, 20, Галерэя аднавіла колькасць даваенных фондаў і атрымала статус Дзяржаўнага мастацкага музея БССР.
Выстава носіць комплексны гісторыка-дакументальны і мастацкі характар з выкарыстаннем сродкаў візуальнага паказу – фатаграфій і фільма-рэпартажу з ваеннага Мінска. Сярод яе экспанатаў рэдкія архіўныя дакументы і экспанаты, многія з якіх выстаўляюцца ўпершыню.
Адмысловую навуковую каштоўнасць уяўляе прэзентацыя “Засталіся толькі на фатаграфіях”, створаная на аснове фатаграфій і ілюстрацый каталогаў таго часу, якія захаваліся. Таксама яна дэманструе перададзеныя лічбавыя копіі экспанатаў, якія належалі раней Дзяржаўнай карціннай галерэі, а пасля вайны апынуліся ў зборах іншых музеяў. Напрыклад, “Партрэт Людвікі (Людовікі) Караліны Радзівіл” невядомага мастака XVII стагоддзя (лічбавая копія перададзена Омскім абласным музеем выяўленчых мастацтваў імя М.А. Урубеля) і “Партрэт старой” невядомага мастака (лічбавая копія перададзена Дзяржаўным музейна-выставачным цэнтрам “РОСИЗО”). А таксама работа Фёдара Мадорава “Канал гатовы” 1937 года (лічбавая копія перададзена Варонежскім абласным мастацкім музеем імя І. М. Крамскога), аўтарскае паўтарэнне якой знаходзілася ў даваенным зборы Дзяржаўнай карціннай галерэі; фотаздымак, на якім Фёдар Мадораў піша эцюд да карціны “Будаўніцтва Рыбінскага гідравузла” (лічбавая копія прадастаўлена Дзяржаўным Уладзіміра-Суздальскім гісторыка-архітэктурным і мастацкім музеем-запаведнікам), адзін з эцюдаў да гэтай работы знаходзіўся ў даваенным зборы Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР.
Выстаўка была падрыхтавана пры ўдзеле калекцый Нацыянальнага гiстарычнага музея Рэспублiкi Беларусь, Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, збораў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Галавін Аляксандр Якаўлевіч. 1863–1930
Маркіза. 1908
Папера, кардон, акварэль, аловак, тэмпера, свінцовыя і цынкавыя бялілы
Філіповіч Міхаіл Мацвеевіч. 1896–1947
Духаў манастыр. 1922
Фанера, алей.
Невядомы мастак
Італія
Пакланенне пастухоў. З гравюры П’етра Санці Бартолі па арыгінале Анібале Караччы. Другая палова XVII стагоддзя.
Палатно, алей.
Невядомы мастак
Партрэт дамы з кнігай
Палатно, алей.
Зевін Леў Якаўлевіч. 1903–1942
Вячэрняе сонца. 1939
Палатно, алей.
Крупене Ізраіль Абрамавіч
Партрэт Іллі Іосіфавіча Поляка. 1887
Палатно, алей.
Юльян Фалат. 1853–1929
Паляўнічыя на рацэ з забітым ласём. Не раней за 1886
Папера, акварэль.
Тарасікаў Мікалай Лукіч. 1908–1965
Партрэт акадэміка Мікалая Міхайлавіча Мікольскага. 1940
Палатно, алей.
Выстава будзе працаваць да 20 студзеня 2025 года.
Інфармацыя прадастаўлена Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь.