Информационный ресурс о возвращенных, переселенных и утраченных культурных ценностях белорусского происхождения
7 ліпеня – Дзень нараджэння **Янкі Купалы** (Іван Луцэвіч) (1882 – 1942 гг.), паэта, драматурга, публіцысат, рэдактара, перакладчыка, крытыка. Псеўданімы: Янка Купала, Янук Купала, Марка Бяздольны.
З нагоды святкавання народзінаў вядомага беларускага паэта намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай біблятэкі Беларусі Алесь Суша апублікаваў малавядомыя, але вельмі каштоўныя матэрыялы, датычныя Янкі Купалы. Прапануем некаторыя з іх.

_Ян Луцэвіч (Янка Купала), беларускі паэт.
фот. Булгак, Вільня_
Фота паэта зроблена ў 1913 г. (ужыта ім на пашпарце). Прыблізна так выглядаў Купала падчас свайго вяртання з Пецярбурга, дзе ён вучыўся, у Вільню, дзе давядзецца шмат працаваць. Аўтар партрэта - знакаміты айчынны фотамастак Ян Булгак.
Дакумент з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Асабісты кнігазбор Янкі Купалы - тэма пакуль слаба вывучаная…Нямала кніг з бібліятэкі паэта трапіла яшчэ пры яго жыцці ў зборы галоўнай бібліятэкі краіны. На фота - найстарэйшая кніга з яго кнігазбору - "Гора Почаевская" (Пачаеў, 1772). Гэта вядомае ўніяцкае выданне пра знакаміты Пачаеўскі манастыр. На фота - адзін з разваротаў у пачатку кнігі з выявай цудоўнага з'яўлення Багародзіцы ў Пачаеве.
На сваіх кнігах Я. Купала звычайна рабіў пазнакі чырвоным атрамантам на беларускай ці рускай мовах: "Ів. Луцэвіч", што дазваляе іх сёння ідэнтыфікаваць.
Дакумент з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

_Першая кніга Янкі Купалы – зборнік "Жалейка" (Пецярбург, 1908). Пачатковы наклад дасягаў 4300 асобнікаў._
У кастрычніку 1908 г. Санкт-Пецярбургскі камітэт па справах друку пры Міністэрстве ўнутраных спраў Расійскай імперыі вырашыў канфіскаваць зборнік, як антыдзяржаўны, і прыцягнуць аўтара і выдавецтва да адказнасці. Цаною немалых клопатаў арышт з кнігі быў зняты, аднак у 1909 г. тыраж кнігі быў паўторна канфіскаваны па загадзе віленскага генерал-губернатара.
У Фондах Нацыянальнай бібліятэкі маецца некалькі асобнікаў гэтага знакавага выдання. Экзэмпляр на фота трапіў у збор Нацыянальнай бібліятэкі, дзякуючы супрацы з літоўскімі спецыялістамі, якія перадалі кнігу ў межах міжнароднага дакументаабмену.
Сапраўды, некаторая частка спадчыны Я. Купалы знаходзіцца па-за межамі Беларусі у музеях, бібліятэках, архівах розных краін. Беларускія ўстановы вядуць работу па вяртанню каштоўных складнікаў спадчыны вядомага беларуса. Напрыклад, Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы праводзіць мэтанакіраваную навукава-даследчую работу па выяўленню дакументаў, рэчаў вядомага паэта і іх магчымаму вяртанню ў Беларусь. На сенняшні дзень установа прадпрымае намаганні па атрыманню якасных электронных копій рукапісаў вершаў Янкі Купалы “Роднае слова”, “Памяці Вінцука Марцінкевіча”, “Хаўрусьнікам”, паэмы “Курган” з Беларускай бібліятэкі і музея імя Францыска Скарыны, якая знаходзіцца ў Лондане.
_Фота, інфармацыйныя матэрыялы са старонкі Алеся Сушы ў соцсетках, сайта Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі_
_Агляд падрыхтавала А. Гумінская_


